Фінансісты крытыкуюць намаганні еўрапейскіх палітыкаў па выхадзе з крызісу. Многія лічаць, што лепш у барацьбе з рэцэсіяй дапамогуць фінансавыя стымулы, а не "скарачэнні". Славуты Джордж Сорас бачыць выйсце ў стварэнні адзінага фінансавага ведамства для ЕС. А Нурыэль Рубіні, які, між іншым, прадказаў глабальны фінансавы крызіс, упэўнены, што Германія задае занадта высокія планкі для іншых краін Еўрасаюза — адсюль і ўнутраныя палітычныя непаразуменні. Аднак Еўрасаюз пакуль працягвае сваю палітыку: па звестках агенцтва Frаnсе Рrеss, уведзены санкцыі супраць Венгрыі, якая не выканала план па скарачэнні дэфіцыту бюджэта. А Міжнародны валютны фонд, выказваючы засцеражэнні наконт яшчэ мацнейшага калапсу, прапаноўвае павялічыць антыкрызісны фонд да 1 трыльёна еўра.
Дзіўна, але, нягледзячы на ўсе праблемы Еўразоны, Харватыя стане новым членам Еўрасаюза ў 2013 годзе. У падтрымку гэтага прагаласавалі 66,24% удзельнікаў рэферэндуму. Прэзідэнт краіны Іва Ёсіпавіч вельмі рады гэтай падзеі...
У Беларусі ж на валютным фронце нязначныя змяненні. Беларускі рубель на гэтым тыдні не ўмацаваўся, як было раней, а трошкі "аслаб". Так, долар стаў каштаваць 8370 рублёў (плюс 0,3%), еўра — 10970 (плюс 1,6%), расійскі рубель — 276 (плюс 3,6%).
Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 28 студзеня 2012