https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Таір Мансураў: Каб паўнацэнна запрацавала АЭП, нам неабходна яшчэ пяць гадоў


Для таго каб паўнацэнна запрацавала Адзіная эканамічная прастора, якая забяспечыць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу і працы, нам неабходна яшчэ пяць гадоў. Пра гэта заявіў генеральны сакратар ЕўрАзЭС Таір Мансураў 5 кастрычніка ў Астане падчас сустрэчы з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, паведаміла прэс-служба казахстанскага прэзідэнта.
"З 2011 да 2015 года мы павінны падрыхтаваць і прыняць 55 міжнародных дакументаў і іншых актаў, якія дазволяць паўнацэнна забяспечваць функцыянаванне АЭП. Напрыклад, з 1 студзеня 2012 года кожная краіна і ўрад абавязаліся мець у сябе адзіны тарыф на чыгуначныя перавозкі. Зараз у кожнай з краін (Расіі, Казахстане і Беларусі) тры тарыфы — для ўнутраных перавозак, для экспарту і для імпарту. Яны моцна адрозніваюцца. Таму з 1 студзеня 2012 года будзе адзіны тарыф, які будзе зручны і для ўнутраных перавозчыкаў, і для таваравытворцаў", — паведаміў Мансураў.

Ён нагадаў, што, напрыклад, з 1968 года па 1986-ы ішоў працэс стварэння адзінага рынку ў ЕС. "Мы ж, калі было прынята рашэнне кіраўнікоў дзяржаў 19 снежня 2009 года, цягам аднаго года сфарміравалі базавыя дакументы, іх узгаднілі, падпісалі, а затым цягам 2011 года ратыфікавалі. Завяршальны этап у ЕС доўжыўся з 1986 па 1992 год, мы ж плануем за пяць гадоў прайсці завяршальны этап. За гэты час урады краін павінны будуць выканаць больш як 70 абавязацельстваў, неабходных для забеспячэння свабоднага руху тавараў, паслуг, капіталу і працы", — зазначыў генсек ЕўрАзЭС.

На яго думку, "у цэлым, дынаміка развіцця ЕўрАзЭС знаходзіцца на вельмі высокім узроўні". "Ёсць адзіная мытная тэрыторыя, мытны кодэкс. Усё, што неабходна для таго, каб Мытны саюз трох краін працаваў, мы забяспечылі. Далей будзе ісці толькі нарошчванне патэнцыялу", — сказаў Мансураў. Ён падкрэсліў, што створаны суд ЕўрАзЭС, які будзе разглядаць справы па Мытным саюзе.

Мансураў таксама паведаміў, што 19 кастрычніка адбудзецца пасяджэнне кіраўнікоў урадаў ЕўрАзЭС у Санкт-Пецярбургу. Таксама пройдзе пасяджэнне вышэйшага органа Мытнага саюза, на якім будуць разгледжаны і ўхвалены восем міжнародных дагавораў па далейшым развіцці Адзінай эканамічнай прасторы. 17 дакументаў, якія былі прынятыя летась кіраўнікамі дзяржаў і кіраўнікамі ўрадаў, цягам 2011 года былі ратыфікаваныя трыма бакамі, і яны павінны набыць моц 1 студзеня 2012 года. Адпаведныя рашэнні кіраўнікі дзяржаў прымуць 19 снежня на чарговым пасяджэнні вышэйшага органа Мытнага саюза, і "гэта будзе пачаткам дзейнасці Адзінай эканамічнай прасторы".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:05.10.2011
Тематика:Бизнес, ЕАЭС
Просмотров:2764
 
Ключевые слова:
Таможенный союз Экономика Единое экономическое пространство Мытны саюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме