13-ы раўнд расійска-германскіх міждзяржаўных кансультацый з удзелам канцлера ФРГ Ангелы Меркель і прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева пачнецца сёння вечарам.
Як паведаміў журналістам прадстаўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі, які пажадаў застацца неназваным, удзельнікі кансультацый абмяркуюць "магчымасць аказання сумеснага націску на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку з мэтай вызвалення палітзняволеных". Расійскія лідары, паводле меркавання нямецкага боку, маглі б выкарыстаць свае кантакты з урадам Лукашэнкі, каб даць зразумець: яго падыход да правоў чалавека і дэмакратыі — "няправільны шлях", падкрэсліла крыніца.
У цэлым расійска-германскія перамовы закрануць шырокі спектр тэм: эканамічнага супрацоўніцтва, крызісу ў зоне еўра, унутранай палітыкі, у тым ліку пытання пра допуск назіральнікаў на выбары ў Дзярждуму і прэзідэнцкія выбары ў Расіі. Кансультацыі таксама закрануць актуальныя міжнародныя праблемы — такія, напрыклад, як сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і міратворчы працэс на Блізкім Усходзе.
Паводле вынікаў сустрэчы ў Гановеры чакаецца падпісанне некалькіх пагадненняў.
Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 18 ліпеня 2011