Як паведамілі ў аргкамітэце BFW, мэта конкурсу — падтрымаць маладых дызайнераў адзення, знайсці новыя імёны ў беларускім свеце моды.
Конкурс будзе праходзіць у тры этапы. Да першага верасня ўсе жадаючыя паўдзельнічаць павінны выслаць на адрас http://newnames@bfw.by заяўку ў вольнай форме, 3 верасня ў Нацыянальнай школе прыгажосці пройдзе адборачны тур па вызначэнні дызайнераў, якія змогуць узяцца за выраб калекцый.
Другі этап будзе заключацца ў папярэдняй дэманстрацыі гатовых калекцый для аргкамітэта конкурсу, па выніках якой будзе вызначана 8—10 удзельнікаў фіналу.
У межах Belorussian Fashion Week 24 кастрычніка адбудзецца сумеснае дэфіле фіналістаў конкурсу. Пераможца спаборніцтва вызначыць кампетэнтнае журы ў складзе пяці-сямі чалавек, якое ўзначаліць кіраўнік прадпрыемства "Арышка", што вырабляе моднае жаночае адзенне. Узнагародай найлепшаму дызайнеру стане магчымасць стварэння прамысловай калекцыі трыкатажных вырабаў для гэтага прадпрыемства.
Сумесная калекцыя дызайнера і прадпрыемства "Арышка" будзе прадэманстравана на паказах Belorussian Fashion Week у красавіку 2012 года.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2011