https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


МУС паведамляе пра 22 затрыманых удзельнікаў інцыдэнту ў "Брузгах"


За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі вечарам 12 чэрвеня на пад`ездзе да пункта пропуску "Брузгі" затрыманы ўжо 22 чалавекі. Пра гэта паведаміў журналістам у Мінску 13 чэрвеня часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.
Паводле інфармацыі МУС, у акцыі ўдзельнічала каля 200 чалавек.

Як адзначыў Шалькевіч, 22 затрыманыя — лічба не канчатковая. Мерапрыемствы па ўстанаўленні арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі працягваюцца.

У дачыненні да ўжо затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) і 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).

"Ацэнку дзеянням удзельнікаў акцыі дасць суд", — заявіў Шалькевіч.

Паводле яго слоў, ніякіх заяў ад фізічных і юрыдычных асоб аб кампенсаванні ўрону, прычыненага ўдзельнікамі акцыі, ў органы ўнутраных спраў не паступала. Прадстаўнік МУС патлумачыў, што размова можа ісці пра маральны ўрон, які панеслі людзі, што перасякалі мяжу ва ўстаноўленым парадку і вымушаныя былі з-за акцыі стаяць у чэргах.

Шалькевіч таксама паведаміў, што пакуль не ўдалося ўстанавіць, хто з удзельнікаў акцыі падчас выціскання іх міліцыяй з дарогі, распыліў слёзатачывы газ. У выніку пацярпеў супрацоўнік міліцыі і адзін з мітынгоўцаў.

Шалькевіч абверг інфармацыю, што з`явілася ў інтэрнэце, што газ быў распылены міліцыяй.

Ён заявіў, што міліцыі вядома аб плануемых падобных акцыях, у прыватнасці, сёння на пагранпераходзе "Брузгі". Паводле слоў Шалькевіча, органы ўнутраных спраў гатовы забяспечыць парадак.

"Міліцыя заклікана дзейнічаць у рамках прававога поля і стаяць на абароне інтарэсаў грамадзян краіны. <…> Дастаткова сіл і сродкаў, каб забяспечыць парадак ва ўсіх пунктах пропуску. Дадатковыя меры пакуль не прымаліся", — сказаў прадстаўнік МУС.

Інцыдэнт у "Брузгах" пачаўся ў 18.00 з-за таго, што супрацоўнікі мытні не выпускалі на тэрыторыю Польшчы вадзіцеляў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Падставай для такіх дзеянняў сталі рашэнні ўрада, якія набылі моц 11—12 чэрвеня, аб абмежаванні і забароне вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў.

Каля сотні вадзіцеляў, якія пратэстуюць супраць новых правілаў, перакрылі дарогу на пагранпераходзе. Супакоіць людзей беспаспяхова спрабавалі прыбыўшыя з Гродна старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, кіраўнікі абласных упраўленняў унутраных спраў і дзяржбяспекі, пракуратуры.

Пасля таго як абласное кіраўніцтва пакінула "Брузгі", з`явіліся байцы міліцэйскага спецназа. Людзі разышліся пасля прымянення слёзатачывага газу. Рух аўтатранспарту на пункце пропуску аднавіўся ў 21.00.

З 11 чэрвеня ў Беларусі дзейнічаюць абмежаванні на вываз фізічнымі асобамі аўтамабільнага паліва. Паліва, што вывозіцца больш чым адзін раз на працягу пяці сутак за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, абкладаецца экспартнай пошлінай.

З 12 чэрвеня ўстаноўлена забарона і спецыяльны збор на вываз асобных тавараў за межы Мытнага саюза.

Гэтыя рашэнні ўлады тлумачаць неабходнасцю абароны спажывецкага рынку ва ўмовах крызісу.

Забарона на вываз тавараў і паліва ўдарыла па жыхарах заходніх прыгранічных раёнаў Беларусі, для многіх з якіх прыгранічны гандаль з`яўляецца асноўным сродкам заробку.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
13 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:13.06.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3475
 
Ключевые слова:
Таможенный союз Брузги Беларусь-Польша Приграничная торговля
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме