«У 2010 годзе мы завяршылі першы этап па рамонце і мадэрнізацыі беларускай зэнітна-ракетнай сыстэмы С-300. Дамовіліся актывізаваць працу па наступных пастаўках Беларусі гэтых ракетных сыстэм», — сказаў напярэдадні Сердзюкоў, перадае РІА «Новости».
Ён адзначыў, што паўночна-заходні паветраны кірунак зьяўляецца зонай адказнасьці адзінай рэгіянальнай расейска-беларускай сыстэмы проціпаветранай абароны.
«Мы ажыцьцяўляем умацаваньне гэтай сыстэмы», — адзначыў Сердзюкоў.
Кантракт на пастаўку С-300 у Беларусь быў падпісаны ў сярэдзіне верасьня 2005 году ў Менску. Колькі менавіта комплексаў Масква павінна была паставіць Беларусі, не ўдакладняецца.
«Заўвага пра тое, што гэта будуць дадатковыя пастаўкі, прымушае паспэкуляваць, а ці ня тыя гэта С-300, якія ў выніку са скандалам у мінулым годзе Масква адмовілася пастаўляць Ірану, чым, на думку экспэртаў, у пэўнай ступені падгуляла ЗША. Але зь іншага боку аналітыкі не выключаюць таго, што пастаўкі С-300 у Беларусь, у наша эўрапейскае падбрушша, варта лічыць пэўным сыгналам Захаду напярэдадні чэрвеньскіх перамоваў па стварэньні агульнаэўрапейскай ПРА», — адзначае партал «ПРАЙМ-ТАСС».
22 красавіка 2011
Радыё Свабода