https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Валюты ў абменьніках няма. Людзі забіраюць рублёвыя ўклады


На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Сяргей Румас публічна паабяцаў, што валюта зьявіцца альбо 1, альбо 4 красавіка. Але ў абменьніках па-ранейшаму чэргі тых, хто хоча памяняць беларускія рублі на даляры ці эўра. Банкі ўводзяць абмежаваньні па беларускіх плястыкавых картах за мяжой, а кліенты запісваюцца ў чаргу, каб забраць рублёвыя ўклады.
У абменьніках ужо звыклая карціна: людзі чакаюць, што хто-небудзь здасьць валюту, — і адразу ж купляюць яе. Касірка «Беларусбанку» кажа:

«У дадзены момант няма валюты. Што будзе праз 5 хвілін, я ня ведаю. Зараз людзі так хапаюць усё! Мы не пасьпяваем прыняць, як адразу ж прадаем валюту. Я не магу гарантаваць, што вы прыйдзеце ў банк і купіце. Цяжка сказаць, калі і што бывае. Як нарвяцеся…»

Цікаўлюся ў людзей, навошта ім даляры. Аказваецца, не для таго, каб хаваць у панчохах ці слоіках, а каб разьлічыцца за крэдыт, аплаціць рамонт, арэнду:

Спадарыня: «Колькі можна зьдзекавацца з народу? Спачатку выдаюць валютныя крэдыты, а як іх потым пагашаць? Я ў абед выбягаю, каб купіць даляры. Даляраў няма. Народ злы, нэрвовы. Калі нехта здае 5-10 даляраў, няма гарантыі, што банкаўскія работнікі прададуць».

Бабуля: «У мяне праблема ў дзяцей, бо яны зьбіраюць грошы на адпачынак. Зараз грошы беларускія ёсьць, і трэба купіць даляры на іх. Зараз яны мітусяцца, шукаюць. Купіць, у прынцыпе, складана».

Спадар: «За арэнду трэба плаціць у эўра. У некаторых выпадках — толькі ў далярах. А ў беларускіх рублях мала хто плаціць».

Спадарыня: «Людзі за паслугі, за нейкія працы патрабуюць аплаты ў далярах».

Экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч кажа, што прагноз ня можа даць ні адзін экспэрт, бо ў Беларусі ня рынкавая эканоміка, а адміністрацыйная. Рэзэрвы яшчэ ёсьць, крэдыты яшчэ могуць даць, таму ўлады могуць цягнуць з дэвальвацыяй — ці заўтра яе зрабіць, ці праз два месяцы, праядаючы ўсё, што ёсьць у рэзэрвах:

«Я магу толькі паўтарыць тое, што сказаў Пракаповіч: што пакуль ніякіх зьменаў ён не плянуе да атрыманьня пазыкі ад Расеі — 1 мільярда даляраў. Таму і гэтая паніка, і ня будзе валюты да таго часу, пакуль не атрымаем зьнешнюю пазыку».

Карэспандэнтка: «А ці выратуе Беларусь гэты мільярд даляраў?»

«На месяц выратуе. Дзесьці ў месяц нам трэба атрымліваць звонку па адным мільярдзе даляраў».

Ад панядзелка шэраг беларускіх банкаў увёў чарговыя абмежаваньні для ўладальнікаў плястыкавых картак. Гэтым разам справа тычыцца разьліковых апэрацый па рублёвых картках за межамі Беларусі. У некаторых банках наагул прыпыненыя апэрацыі па такіх картках (банк «Масква — Менск», Трастбанк, банк ВТБ), у некаторых абмежаваньні тычацца пэўнай сумы (ад 300 да 1500 даляраў у дзень, ня больш за 4000 даляраў у месяц). Людзі тым часам здымаюць нават рублёвыя ўклады.

На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, зараз ідзе цэлая сэрыя наступстваў папулісцкай палітыкі, якая вялася ў год прэзыдэнцкіх выбараў. Эканаміст прывёў прыклад: за год сярэдні заробак у Беларусі павысілі з 330 да 500 даляраў — ЗША да адпаведнага росту (у сваіх маштабах) ішлі 10 гадоў. Таму, натуральна, ня можа быць стабільнай эканамічнай сытуацыі. І ня выратуюць расейскі ды іншыя крэдыты:

«Яны патрэбныя для таго, каб на нейкі час нэўтралізаваць сытуацыю. Я зараз адмыслова зайшоў у адно з аддзяленьняў „Беларусбанку“, і там народ запісваецца ў чаргу на зьняцьце гатоўкі, прычым — беларускіх рублёў. То бок пайшоў працэс некіраванай рэакцыі — разбурэньня дэпазытнай сыстэмы».

У гэтай сытуацыі прэзыдэнт і ўрад павінны не маўчаць, а кожны дзень выступаць з дакладнымі і зразумелымі тлумачэньнямі і прапановамі. Спадар Заіка прапанаваў цэлы шэраг захадаў: павелічэньне працэнтных ставак па дэпазытах, і рублёвых, і валютных; скарачэньне заробкаў чыноўнікаў і пэнсіяў дзяржаўных службоўцаў ды іншыя:

«Але мяне зьдзіўляе тое, што альбо ня ведаюць нашы кіраўнікі, альбо ня ўмеюць гэта рабіць. Нельга так кіраваць эканомікай: у нас віцэ-прэм’еры — аграномы, інжынэры, будаўнікі… Нельга так рабіць, гэта небясьпечна. З гэтага і пачынаюцца праблемы — з разрухі ў галовах».

Іна Студзінская
Радыё Свабода
4 красавіка 2011
 
Дата публикации:04.04.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3623
 
Ключевые слова:
Валюта Финансовый кризис Белорусский рубль Депозиты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме