https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Імператар разбурыў, а мы адбудуем?..


Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў правёў экскурсію для журналістаў па будучыні Брэста.
Брэсцкі мэр Аляксандр Палышанкоў запрасіў журналістаў на прэс-канферэнцыю і правёў яе каля стэндаў з эскізамі будучых атэляў, гандлёвых цэнтраў, жылых забудоў, мастоў і іншых аб`ектаў, якія пакуль што існуюць толькі ў чарцяжах праекціроўшчыкаў. Кіраўнік гарадской улады пераходзіў ад аднаго стэнда да другога, знаёміў са зместам карцінкі, расказваў пра планы яе правядзення ў жыццё, пра інвестараў і іншыя крыніцы фінансавання. Некаторыя праекты выглядалі вельмі цікава.

Масты

Масты — гэта ці не праблема №1 у Брэсце. Заторы на дарогах, якія ўтвараюцца кожны дзень у гадзіну "пік", сталі вынікам у тым ліку і недахопу мастоў праз Мухавец. Новыя пуцеправоды для сувязі зарэчнай часткі горада з цэнтрам проста неабходныя. Больш за тое, мы даведаліся, што плануецца ўзвядзенне так званага Заходняга аб`езда ад "Варшаўскага моста" на вуліцу Зубачова, затым на вуліцу Смірнова. Будаўніцтва на гэтым шляху двух мастоў будзе прафінансаванае Міністэрствам транспарту і камунікацый, спадзяюцца ў гарвыканкаме. А жыхары паўднёвай часткі горада вельмі чакаюць гэтых мастоў, бо дабрацца зараз на працу як сваім, так і грамадскім транспартам выходзіць удвая даўжэй, чым было яшчэ гады два-тры таму.

А яшчэ мэр паведаміў, што будзе адноўлены мост праз Буг да польскага Цярэспаля. Тады суседзі змогуць прыйсці да нас (мост стане пешаходным) наведаць нашы гандлёвыя цэнтры, паплаваць у нашых басейнах, пазаймацца ў трэнажорных і іншых спартыўных залах. І мы, значыць, атрымаем магчымасць наведаць Польшчу без памежных чэргаў.

Спорт і турызм


Калі чакаем гасцей і робім стаўку на турызм, то відавочна, павінны развіваць спартыўную базу і далей, хоць Брэст у гэтым сэнсе і без таго наперадзе іншых абласных цэнтраў. Зусім хутка ў горадзе з`явіцца адкрыты штучны лёд. Ён будзе заліты паміж палацамі спорту — лядовым і водных відаў. Інвестар з Германіі ўкладвае ў абсталяванне каля 500 000 еўра. Запланавана мадэрнізацыя фізкультурна-аздараўляльнага комплексу ў мікрараёне "Усход". На гэты конт ёсць прапанова брэсцкіх архітэктараў і іх літоўскіх калег. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў старых сценах з`явяцца аквапарк, боўлінг, а таксама рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў. У гарадской улады ёсць намеры мадэрнізацыі школьных стадыёнаў, каб на іх маглі займацца не толькі школьнікі, але і жыхары бліжэйшых кварталаў. Пакуль у праекце тры такія спартыўныя міні-цэнтры, далей — будзе болей.

У Брэсце не хапае гасцініц. І ў гэтым кірунку патрэбна працаваць. Будаўніцтва атэляў плануецца па вуліцах Чырванасцяжнай, Савецкай, на рагу вуліц Гогаля і Фаміна, магчыма, на вуліцы Ленінградскай. А на Савецкай плануецца ўзвядзенне пяцізоркавага атэля з удзелам чэшскага капіталу.

Жыллё


Аляксандр Палышанкоў на пытанне пра жыллёвае будаўніцтва найперш прывёў такія лічбы: на пачатак бягучай пяцігодкі ў абласным цэнтры была 17-гадовая чарга на атрыманне жылля, цяпер тэрмін чакання скараціўся да 7-8 гадоў, а за наступныя пяць гадоў чарга павінна мець адрэзак чакання ў тры гады. Пяць гадоў таму ў Брэсце было 6400000 квадратных метраў жылля. За ўказаны час мы прыраслі на 20 адсоткаў, а ў наступныя пяць гадоў запланавана пабудаваць яшчэ больш. Плануецца асвоіць новы сучасны метад будаўніцтва — гэта так званая няздымная апалубка. Такая тэхналогія дазволіць узводзіць якасны 60-кватэрны жылы дом за пяць тыдняў.

Ужо налета пачнецца забудова старога раёна Трышына ўздоўж вуліцы Маскоўскай. Мінская кампанія "КМК-Інвест" пабудуе тут 50000 квадратных метраў жылля.

З узвядзеннем новага жылля заўсёды паўстае праблема парковак. У будучым годзе нам паабяцалі пабудаваць першыя 10 паркінгаў на 99 машын кожны. Калі праект сябе апраўдае, то наступным крокам стане будаўніцтва яшчэ 44 такіх жа паркінгаў.

Паміж мінулым і будучым

Што і казаць, бліскучай атрымалася экскурсія мэра па аб`ектах старога Бярэсця. Наш гораданачальнік ведае на памяць усе даты, усіх гістарычных асоб даўніны. "Горад быў пабудаваны візантыйскімі майстрамі і па прыгажосці мала чым саступаў Кракаву і Празе таго часу, — гаварыў Аляксандр Сяргеевіч. — Менавіта Брэст першым з беларускіх гарадоў атрымаў Магдэбургскае права. Тут чаканілі грошы, збіралі падаткі, у нас была свая друкарня, свой Сейм. У Брэсце распрацавалі план ваеннай кампаніі 1410 года, вынікам якой з`явілася Грунвальдская бітва і перамога. У ХІV—ХVІ стагоддзях Бярэсце было найбуйнейшым горадам ВКЛ. Наш горад плаціў у казну княства болей, чым Коўна, Уладзіміра-Валынск, Мінск і Смаленск разам узятыя. Узносы Бярэсця перавышалі ўзносы Кіева. Калі расійскім імператарам было прынята рашэнне аб пераносе горада, у Бярэсці пачаліся масавыя хваляванні. Свядомыя гараджане патрабавалі сабраць чарцяжы і схемы пабудоў старога горада. І яны захаваліся. Таму старое Бярэсце не страчана канчаткова, яно можа быць узноўлена", — падвёў рысу мэр пад гістарычным экскурсам.

Разам з узвядзеннем цярэспальскага моста плануецца прывесці ў парадак востраў Пагранічны — месца старога горада. Там запланавана ўзнавіць некалькі гістарычных комплексаў — манастыроў брыгітак, ён існаваў да 1946 года, бернардынцаў і бернардынак. У гэтых будынках могуць размясціцца Дом грамадзянскіх абрадаў, музей горада, кавярні, гасцініцы.

Бетону больш, а зеляніны...

Сапраўды, многія праекты і задумкі гарадской улады і архітэктараў падаліся вельмі прывабнымі. Ну як не парадавацца таму, што рачны порт будзе вынесены за рысу горада і прама па цэнтральных вуліцах перастануць дыміць шматтонныя грузавікі з пяском і шчэбнем?

Але і на прывабных эскізах, калі прыгледзецца, відаць як горад паступова і настойліва апранаецца ў бетон а трава і дрэвы знікаюць. Гарадскія ўлады патрацілі гады і нервы на пошук інвестараў для рэканструкцыі ачысных збудаванняў. Перабудова і паляпшэнне гарадскіх ачысных павінна прывесці да таго, што з вуліц знікне непрыемны пах, ад якога горад літаральна пакутуе апошнімі гадамі. Але гэты смурод, магчыма, не так адчуваўся б, каб у горадзе было больш зялёных астраўкоў. А іх усё менш. Вось і Дом друку нядаўна абгарадзілі па самы ганак жоўтым жалезным плотам. Некалі нядрэнны архітэктар намаляваў гэты дом у выглядзе раскрытай кнігі. Відаць, той самы праекціроўшчык прадугледзеў, што форму кнігі працягвае зялёны лужок з дрэвамі, які дастаяў да гэтага часу. Дрэў тут патрэбна яшчэ больш, бо ўлетку ў гэтым месцы на самым ажыўленым участку адной з цэнтральных трас вісіць сапраўдны смог. "Тут будзе ўзведзены будынак усіх падатковых інспекцый горада. Пытанне вырашана", — адказаў карэспандэнту "Звязды" мэр. І ўжо наступнае пытанне наконт адпаведнасці гэтай высознай каробкі архітэктуры вуліцы Малая, якую яна закране, задаваць не было каму.

Святлана Яскевіч
17 лістапада 2010
Звязда
 
Дата публикации:17.11.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4465
 
Ключевые слова:
Города Беларуси Брест Бярэсце Строительство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме