https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ураду Беларусі не ўдаецца стрымаць імпарт


Па выніках дзевяці месяцаў 2010 году адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Рэспублікі Беларусь дасягнула 4 мільярдаў 300 мільёнаў даляраў. Асноўная прычына дысбалянсу — вымушаны імпарт сыравінных тавараў, безь якіх беларуская эканоміка папросту спыніцца.
Намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Кангро кажа, што асноўнай праблемай беларускай эканомікі застаецца залежнасьць ад энэрганосьбітаў, якія Беларусь вымушаная імпартаваць. Тым часам патрэба ў беларускіх таварах за мяжой па-ранейшаму невысокая:

"Адной з найбольш сур`ёзных праблемаў у галіне разьвіцьця зьнешняга гандлю застаецца нарастаньне адмоўнага сальда. Асноўная крыніца фармаваньня зьнешнегандлёвага дысбалянсу — істотнае перавышэньне ўвозу прамежкавых тавараў — а гэта найперш энэрганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя — над іх вывазам. Усё гэта перадусім абумоўлена попытам айчынных вытворцаў. У цэлым па групе прамежкавых тавараў велічыня адмоўнага сальда за 9 месяцаў склала 6,4 мільярда даляраў. У тым ліку па энэргетычных таварах — 3,7 мільярда даляраў".

Экспарт беларускіх тавараў па шэрагу пазыцый істотна зьменшыўся. Так, за дзевяць месяцаў 2010 году нафтапрадуктаў пастаўлена за мяжу толькі 61% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась; азотных угнаеньняў — 89%, сельгастэхнікі — 85%, чорных мэталаў — 89,5%.

Відавочныя зьмены зазнаў гандаль з Расеяй, які фармуе асноўную долю гандлёвага балянсу Беларусі. Як удакладняе Ірына Кангро, перадусім гэта тычыцца паставак нафты і нафтапрадуктаў, у гандлі якімі Масква перайшла зь Менскам на рынкавыя кошты:

"Зьніжэньне фізычных аб`ёмаў імпарту з Расейскай Фэдэрацыі зьвязанае са скарачэньнем паставак нафты і нафтапрадуктаў. У параўнаньні са студзенем-верасьнем 2009 году імпарт нафты скараціўся з 16,2 мільёна тон да 9,4 мільёна тон, а імпарт нафтапрадуктаў — з 2,7 мільёна тон да 0,7 мільёна тон. У той жа час беларускімі вытворцамі значна больш пастаўлена ў Расею грузавых аўтамабіляў — 3 700 замест 1 100 за студзень-верасень мінулага году. Малака і малочных прадуктаў — 419 тысяч тон замест 319 тысяч тон. Трактароў — 12 800 замест 10 400".

Актыўнаму прасоўваньню беларускай прадукцыю за мяжу замінае яе досыць высокі кошт пры ня лепшай якасьці. Прыкладам, як сьведчыць справаздача Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні кошт грузавога аўтамабіля Менскага аўтазаводу перавышае 125 тысяч даляраў, што параўнальна з найлепшымі замежнымі аналягамі. Кошт седлавога цягача набліжаецца да 50 тысяч даляраў, што таксама робіць яго неканкурэнтаздольным.

Былы дарадца генэральнага дырэктара МАЗу, кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што беларуская эканоміка трымаецца на састарэлых схемах, якія ніяк не спрыяюць прысутнасьці прадукцыі, вырабленай у Беларусі, на зьнешніх рынках. Не вядзецца вывучэньне патэнцыйнага попыту, не аналізуюцца патрэбы той ці іншай краіны:

"Сёньня трэба думаць нават не пра тое, што ня здолелі прадбачыць учора, а пра тое, якім чынам забясьпечыць попыт на беларускую прадукцыю сёньня і заўтра. Дакладна ведаць, што ў сьвеце будзе запатрабавана праз паўгода, праз год. Не бяздумна кляпаць дзеля пляну, а разумець, што і на якім рынку можна рэальна прасунуць, што прапанаваць той ці іншай краіне, які там попыт — гэта ўсё трэба аналізаваць, над гэтым трэба нарэшце пачаць думаць, заняцца выпрацоўкай стратэгіі наперад. Трымацца за мінулае — шлях у нікуды".

Тым ня меней беларускі ўрад зьбіраецца да 2015 году зьліквідаваць адмоўнае сальда ў гандлі і выйсьці на дадатныя лічбы. Праўда, якім чынам гэта будзе ажыцьцяўляцца, не ўдакладняецца. Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур ня так даўно заявіў, што адзін са шляхоў — абмежаваць імпарт спажывецкіх тавараў. Аднак, як кажа прадстаўніца Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Кангро, гэтая доля складае ўсяго 10% ад агульных паказьнікаў імпарту, і яе скарачэньне практычна не адаб`ецца на агульнай сытуацыі.

Радыё Свабода
16 лістапада 2010
Ігар Карней
 
Дата публикации:16.11.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4030
 
Ключевые слова:
Экономика Импорт Экспорт Таможенный союз Союзное государство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме