https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Ад захавання — да прымнажэння!"


Перадвыбарная праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі
Дарагія суайчыннікі!

19 снежня нам трэба будзе прыняць адказнае рашэнне. Неабходна не проста вызначыцца з імем Прэзідэнта. Мы будзем выбіраць далейшы шлях развіцця краіны, будучыню сваю, сваёй сям`і, родных і блізкіх, нашай Беларусі!

Я іду на гэтыя выбары з цвёрдай верай у паспяховую будучыню роднай Айчыны. Нам шмат чаго ўдалося стварыць за апошнія гады. Мы пераадолелі нямала праблем і набылі бясцэнны вопыт.

Цяпер той час, калі трэба імкліва рухацца наперад і дасягнуць большага. Перакананы: гэта нам пад сілу.

На выбраным шляху мы былі рэалістамі: не будавалі "паветраных замкаў", не здраджвалі сваім прынцыпам! Мы рабілі цяжкую, але патрэбную для дзяржавы работу РАЗАМ!


ШТО МЫ ЗРАБІЛІ


ПАБУДАВАЛІ СВАЮ ДЗЯРЖАВУ — незалежную краіну, у якой жывуць годныя і разумныя людзі. Па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь заняла 61-е месца сярод амаль дзвюх соцень краін свету.

Для маладой суверэннай дзяржавы, якой не споўнілася і дваццаці гадоў, — гэта пачэснае месца!

АБАРАНІЛІ КРАІНУ АД РАБАВАННЯ. Тое, што было створана ўсім народам, застаецца ў яго руках. Усё, што зарабляецца, — укладваецца ва ўласную эканоміку, а не вывозіцца за мяжу.

ВЫСТАЯЛІ Ў СУСВЕТНЫМ КРЫЗІСЕ. Нават у найбагацейшых краінах свету глабальны крызіс выклікаў рэзкі абвал эканомік. У Беларусі ж эканоміка працягвае расці, што прызнаюць і міжнародныя фінансавыя арганізацыі. За апошнія пяць гадоў у краіне пабудавана і мадэрнізавана больш за 500 прадпрыемстваў.

Галоўнае — мы зрабілі ўсё, каб нашы людзі як мага менш адчулі на сабе крызісны цяжар і нягоды.

ВЫРАТАВАЛІ ВЁСКУ І ЗАБЯСПЕЧЫЛІ ХАРЧОВУЮ БЯСПЕКУ КРАІНЫ. Беларусь не толькі есць свой хлеб, але яшчэ і пачала атрымліваць мільярды долараў ад экспарту прадуктаў харчавання.

РАЗНЯВОЛІЛІ ДЗЕЛАВУЮ ІНІЦЫЯТЫВУ. Па спрашчэнні вядзення бізнэсу Беларусь увайшла ў чацвёрку лепшых рэфарматараў у свеце.

ЗАБЯСПЕЧЫЛІ ПОЎНУЮ ЗАНЯТАСЦЬ. Узровень беспрацоўя ў Беларусі адзін з самых нізкіх у свеце — менш як адзін працэнт. Нават у цяжкі крызісны час у нас людзі не былі выкінуты на вуліцу.

ПАБУДАВАЛІ ДЗЯСЯТКІ МІЛЬЁНАЎ КВАДРАТНЫХ МЕТРАЎ ЖЫЛЛЯ. Сотні тысяч беларускіх сем`яў усяліліся ў добраўпарадкаваныя дамы і кватэры.

ЗРАБІЛІ РАШУЧЫ КРОК НАПЕРАД У МЕДЫЦЫНЕ І АДУКАЦЫІ. У нас самыя нізкія сярод краін СНД паказчыкі дзіцячай і мацярынскай смяротнасці. Нашы ўрачы авалодалі найбольш сучаснымі метадамі прафілактыкі і лячэння захворванняў. Паводле ацэнкі экспертаў, Беларусь у сферы адукацыі займае прэстыжнае 23-е месца ў свеце.

СТАЛІ ЖЫЦЬ ЛЕПШ. Доля малазабяспечаных грамадзян у параўнанні з 1995 годам зменшылася ў сем разоў. Кожны, хто хоча працаваць, — мае работу. А тым, хто мае патрэбу, дапамагае дзяржава. Сацыяльная справядлівасць існуе не на словах, а на справе. У Беларусі няма ні жабракоў, ні алігархаў.

Словам, мы не толькі збераглі завешчаную нам продкамі зямлю, але і стварылі магутны задзел для выхаду на якасна новую ступень развіцця.

Упэўнены — РАЗАМ МЫ ЗДОЛЬНЫЯ НА БОЛЬШАЕ!

ШТО МЫ ЗРОБІМ

Працягнем будаўніцтва незалежнай, самабытнай Беларусі. Мы не выбіраем паміж Усходам і Захадам і не маем намеру быць чыім-небудзь прыдаткам. У Беларусі сваё годнае месца ў Еўропе і свеце.

Да 2015 года ўзровень жыцця ў Беларусі наблізіцца да еўрапейскага.

Галоўнай каштоўнасцю ў маёй палітыцы заўсёды быў і застаецца чалавек. "Дзяржава для народа" — гэта не прыдуманы лозунг, а фундаментальны прынцып, ад якога мы ніколі не адступім.
Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу

НАШЫ ГАЛОЎНЫЯ МЭТЫ

УМАЦАВАЦЬ НАЦЫЮ — дзяцей павінна быць больш. Кожная сям`я, дзе ёсць чацвёра і больш дзяцей, за кошт дзяржавы атрымае кватэру. Сем`ям з трыма дзецьмі будзе кампенсавана 75 працэнтаў кошту жылля. Мець шмат дзяцей стане прэстыжна.

СТАЦЬ БАГАЦЕЙ. Чым багацейшы чалавек — тым багацейшая краіна. За кошт росту эканомікі будуць забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата.

Атрымае развіццё прыватная ўласнасць.

Праз дабрабыт кожнага мы прыйдзем да дабрабыту ўсіх.

УЗМАЦНІЦЬ САЦЫЯЛЬНУЮ АБАРОНУ. Кожнаму будзе гарантавана рабочае месца. Дзяржава дапаможа ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе. Абсалютную большасць дзіцячых дамоў заменяць апякунскія сем`і і дамы сямейнага тыпу. Будзе створана цывілізаваная сістэма сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей, асабліва адзінокіх.

ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ СУСВЕТНЫ ЎЗРОВЕНЬ МЕДЫЦЫНСКАГА АБСЛУГОЎВАННЯ. За два бліжэйшыя гады мы завершым аснашчэнне самым сучасным абсталяваннем усіх лячэбных устаноў. Зможам адмовіцца ад імпарту медыцынскіх паслуг. Усе паліклінікі і бальніцы ў краіне будуць поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі, чэргі адыдуць у мінулае.

БУДАВАЦЬ 10 МІЛЬЁНАЎ КВАДРАТНЫХ МЕТРАЎ ЖЫЛЛЯ ЗА ГОД. Да канца пяцігодкі на кожнага жыхара Беларусі будзе прыпадаць не менш за 28 квадратных метраў жылля.

Узровень даходаў павінен даваць магчымасць сем`ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў.

УМАЦАВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ВАЛЮТУ. Будуць забяспечаны стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту.

СТВАРЫЦЬ НОВАЕ АБЛІЧЧА БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІКІ. На працягу бліжэйшых пяці гадоў у краіне будзе рэалізавана не менш як 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З`явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Гэта новыя вытворчасці, новыя тэхналогіі, новыя рабочыя месцы, запатрабаваныя на рынку працы, рост экспарту.

Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнэсам. Экспарт прадуктаў харчавання будзе павялічаны больш як у два разы — да 7 мільярдаў долараў у год.

ДАЦЬ ПОЎНУЮ СВАБОДУ ІНІЦЫЯТЫВЕ. Мы пяройдзем ад эканомікі дырэктыў да эканомікі ініцыятыў. Будзе абаронена права кіраўніка на дзелавую рызыку. Павысіцца роля прадпрымальніцтва.

Знізім падаткі. Радыкальна спросцім справаздачнасць і адміністрацыйныя працэдуры.

Беларусь павінна быць у трыццатцы краін з найбольш спрыяльным бізнэс-кліматам.

У краіне будзе ўкаранёны прынцып — дазволена ўсё, што прама не забаронена.

ЗРАБІЦЬ ПРАРЫЎ У ІНФАРМАТЫЗАЦЫІ. Інфармацыйныя тэхналогіі ахопяць усе сферы дзейнасці. У нас з`явіцца паўнацэнны электронны ўрад. Усе базавыя паслугі (ад рэгістрацыі аўтамабіля да аплаты рахункаў) можна будзе ажыццяўляць праз інтэрнэт. Мы пазбавім чалавека ад хаджэння па кабінетах, бюракратызму і валакіты.

Інтэрнэт па якасці і цане будзе ўраўнаваны з развітымі краінамі.

УЗМАЦНІЦЬ РОЛЮ МОЛАДЗІ. Пашырым магчымасці для раскрыцця патэнцыялу маладога пакалення, якое будзе прыцягнута да вырашэння ўсіх важных дзяржаўных і грамадскіх спраў. Створым новыя стымулы для рэалізацыі яго ініцыятыў і кар`ернага росту. Умацуем моладдзю кіруючы кадравы корпус дзяржапарату і прадпрыемстваў.

УДАСКАНАЛЬВАЦЬ ДЗЕЙНАСЦЬ УЛАДЫ. Гарантавана адкрытасць дзяржаўных органаў для людзей і грамадзянскіх ініцыятыў. Узмоцніцца роля грамадскіх аб`яднанняў і мясцовага самакіравання ў жыццядзейнасці дзяржавы. Будзе забяспечаны паўнацэнны спаборніцкі судовы працэс, сфарміраваны суд прысяжных і завершана работа па гуманізацыі заканадаўства. Мы працягнем бязлітасную барацьбу з карупцыяй і прычынамі, якія спараджаюць яе.

ЗБЕРАГЧЫ МІР І ЗГОДУ Ў ГРАМАДСТВЕ. Беларусь была і будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі. Мы не дапусцім разгулу крыміналу, сацыяльнага разладу і канфліктаў.

Дарагія выбаршчыкі!

Мы абавязкова ўсё гэта зробім! Але помніце: зробім толькі дзякуючы нашай працы і ўпартасці, паколькі ніхто, нічога і ніколі нам не дасць.

У нас з вамі ёсць вопыт. Краіне не патрэбны эксперыменты. Нам нельга спыняцца, не завяршыўшы работу. Трэба ісці далей.

Напярэдадні выбараў прашу вас толькі аб адным: не мяркуйце па словах — мяркуйце па справах!

Мы павінны захаваць родную Беларусь духоўна здаровай, эканамічна магутнай, экалагічна чыстай, стабільнай і мірнай. Каб усе маглі сказаць: "Беларусь — краіна, у якой хочацца жыць".

Сёння ад пазіцыі кожнага з нас залежыць лёс Айчыны. Яна ў нашых руках.

РАЗАМ МЫ ДАСЯГНЁМ СВАІХ МЭТ!
РАЗАМ МЫ — БЕЛАРУСЬ!

З павагай, Ваш
Аляксандр ЛУКАШЭНКА

Звязда

27 лістапада 2010

 
Дата публикации:28.11.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4137
 
Ключевые слова:
Программы кандидатов в президенты Республики Беларусь Выборы в Беларуси Программа А.Лукашенко
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме