https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"У Жабінцы сёння няма чаргі на трохпакаёвыя кватэры. А вось попыт на адна- і двухпакаёвыя пакуль задаволіць не можам"


З дэлегатам чацвёртага Усебеларускага сходу начальнікам Жабінкаўскай ПМК-10 "Брэстаблсельгасбуда" Мікалаем Шпакоўскім рэпарцёры "Звязды" сустрэліся ў перапынку сходу дэлегатаў ад Брэсцкай вобласці, дзе абмяркоўвалі праекты дакументаў і праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў.
Калектыў будаўнікоў, які ўзначальвае Мікалай Шпакоўскі, налічвае 320 чалавек. Для самага маленькага раёна краіны гэта даволі вялікая арганізацыя. І аб`ёмы будаўніцтва ў іх даволі значныя.

— Калі краіна шмат будуе, значыць, яна жыве і развіваецца, — гаворыць Мікалай Антонавіч. — Дынаміку развіцця можна прасачыць нават па нашай адносна невялікай арганізацыі. Зараз мы заканчваем будаўніцтва двух 60-кватэрных і двух 50-кватэрных дамоў, будуем пяць дамкоў у вёсцы, таксама ўзводзім фермы для сельгаспрадпрыемстваў, вядзём рэканструкцыю вытворчых памяшканняў цукровага завода. У Жабінцы сёння няма чаргі на трохпакаёвыя кватэры. А вось попыт на адна- і двухпакаёвыя пакуль задаволіць не можам. І гэта задача найперш для праекціроўшчыкаў. З улікам рэалій невялікіх райцэнтраў, малых гарадоў трэба мець тыповыя праекты жылля, так званага "эканомкласа".

Яшчэ кіраўнік будаўнічай арганізацыі заклапочаны праблемай узаемадзеяння будаўнікоў з заказчыкамі, інвестарамі — словам, уласнікамі аб`ектаў, якія ўзводзяцца. Формы і метады такога ўзаемадзеяння даўно вызначаны нарматыўнымі актамі. А вось на справе дакументы далёка не заўсёды дакладна выконваюць сваю ролю. Таму ў працэсе работы не раз бывае, што праекты, дапаможныя камунікацыі трапляюць на будаўнічую пляцоўку несвоечасова. Таму, здараецца, сеткі вядуцца разам з будаўніцтвам, а то і аддзелкай памяшкання. А так быць не павінна. Ад гэтага горшая перш за ўсё якасць жылля, вытворчых памяшканняў.

Год падыходзіць да канца, у ПМК-10 няма адпаведных дакументаў на жылыя дамы, якія будаўнікі маюць намер пачынаць будаваць у наступным годзе. Вось такія хібы ў арганізацыі будаўнічага працэсу трэба выпраўляць у наступнай пяцігодцы, лічыць Мікалай Шпакоўскі.

Хвалюе начальніка ПМК і праблема падрыхтоўкі будаўнічых кадраў, замацавання людзей у малах гарадах. Усё гэта ён мае намер абмеркаваць з калегамі на Усебеларускім форуме.

А на пытанне, што дэлегат Усебеларускага сходу пажадаў бы ўсім беларусам і свайму калектыву, ён адказаў так: "Усім жадаю, каб новабудоўлі — і жыллё, і спартыўныя аб`екты, і вытворчыя памяшканні — прыносілі задавальненне і радасць, а нам — пабудаваць нешта значнае, што зробіць наш горад яшчэ прыгажэйшым. Зараз здалёк бачныя не зусім звычайныя, падобныя на вежы, склады цукровага завода, якія ўзводзілі нашы будаўнікі. Думаю, што нам пад сілу і іншыя цікавыя аб`екты".

Святлана Яскевіч
Звязда
27 лістапада 2010
 
Дата публикации:28.11.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4223
 
Ключевые слова:
Экономика Строительство в Беларуси Жильё в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме