Па выніках перамоў чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў.
Як паведамілі БелаПАН у пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Мінску, прэзідэнты, у прыватнасці, плануюць падпісаць пагадненне аб узаемных паездках жыхароў прыгранічных тэрыторый дзвюх краін.
Пра падпісанне гэтага дакумента Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў у інтэрв`ю, якое даў 15 кастрычніка ў Мінску прадстаўнікам штотыднёвіка "Литовский курьер".
Ён, у прыватнасці, паведаміў, што Беларусь і Літва могуць да канца года падпісаць пагадненне аб узаемных паездках жыхароў прыгранічных тэрыторый.
Беларусь, зазначыў Лукашэнка, гатова да падпісання гэтага пагаднення, цяпер — крок за літоўскім бокам. "Мы свой шлях прайшлі. Больш за тое, мы прынялі варыянт Літвы. Вось як літоўцы прапанавалі, так мы і прынялі гэты дагавор. Якія пытанні да нас? Як толькі вы будзеце гатовы, мы падпішам дакумент", — заявіў прэзідэнт.
Лукашэнка таксама мяркуе, што ўзаемадзеянне з Беларуссю ў эканамічнай сферы "можа прынесці вялікія дывідэнды для эканомікі Літвы, для дабрабыту нашых літоўскіх сяброў".
"Яшчэ што вельмі важна: мы ж з любоўю да вас ставімся. Я многіх літоўцаў ведаю. Для мяне што беларусы, што рускія, што літоўцы — адно і тое ж. Наш народ настолькі талерантны і інтэрнацыянальны, што літоўцам і жадаць іншага не трэба. Мы гатовы да ўліку любых інтарэсаў", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Мінск, 18 кастрычніка 2010
БелаПАН