Пра гэта паведаміў журналістам 18 чэрвеня кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер.
У сваю чаргу начальнік прэс-службы "Газпрома" Сяргей Купрыянаў адзначыў, што распараджэнне аб стварэнні штаба было падпісана Мілерам 17 чэрвеня. У яго склад увайшлі кіраўнікі галін па экспарце, па здабычы, а таксама дыспетчарскага кірунку "Газпрома".
Напярэдадні падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Мілер паведаміў журналістам, што з 21 чэрвеня пастаўкі газу ў Беларусь могуць быць скарочаныя на 85% у выпадку няплаты Мінскам доўгу.
"Улічваючы кошт ужо пастаўленага ў чэрвені газу і велічыню доўгу — 192 млн. долараў, вызначана, што абмежаванне складзе 85% ад планавага аб`ёму паставак газу ў Беларусь. Астатнія 15% дазволяць Беларусі падтрымліваць газатранспартную сістэму ў рабочым стане да поўнай кампенсацыі назапашанай запазычанасці", — заявіў Мілер.
У "Газпроме" нагадваюць, што кантрактная цана паставак газу ў Беларусь складае 169 долараў за тысячу кубаметраў, аднак Мінск пакуль плаціць 150 долараў, з-за чаго ўзнікла запазычанасць. Паводле ацэнкі "Газпрома", доўг "Белтрансгазу" можа вырасці да канца года да 500—600 млн. долараў з-за разлікаў па цане ніжэйшай за кантрактную.
"Мы вельмі разлічваем, што да 21 чэрвеня "Белтрансгаз" нарэшце пагасіць запазычанасць, — сказаў кіраўнік газавага холдынгу. — Чарговы ліст з патрабаваннем строга прытрымлівацца кантракту і выплаціць даўгі быў накіраваныя ўчора. Але, як мы папярэдзілі беларускі бок, калі "Белтрансгаз" не зробіць ніякіх захадаў, "Газпром" у адпаведнасці з пунктам 6.4 кантракту ад 31 снежня 2006 года ўвядзе абмежаванні на пастаўку газу ў Беларусь".
Мінск, 18 чэрвеня 2010 БелаПАН