https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"На каго пайсці вучыцца, каб стаць чалавекам"


Хоць да ўступных экзаменаў у ВНУ яшчэ далёка, але ў большасці сем`яў выпускнікоў школ 2012 года гэтая тэма — самая злабадзённая. Пэўным унёскам у яе абмеркаванне просім лічыць гутарку нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.
— Як бы вы ацанілі сённяшні стан вышэйшай адукацыі ў краіне?

— Я б сказаў, што яна па-ранейшаму знаходзіцца ў постсавецкай стадыі развіцця і перажывае зараз пераходны перыяд. І тут няма нічога дзіўнага. Для нас рэфармаванне сферы адукацыі аказалася самай складанай задачай. Куды прасцей было ліквідаваць татальны дэфіцыт, напоўніць паліцы крам разнастайным таварам, утаймаваць гіперінфляцыю, навесці парадак на вуліцах, чым прыстасаваць у адпаведнасці з сучаснымі глабальнымі выклікамі навуку і адукацыю. Аказалася, што якасна палепшыць падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі вельмі цяжка.

— Тут, верагодна, некалькі прычын?


— Так. Але галоўная з іх — цывілізацыйная.

— Што гэта такое?

— Гэта значыць, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў у Савецкім Саюзе мы былі часткай яго замкнутай сістэмы адукацыі. Гэта наклала свой адбітак на нашу вышэйшую школу. А тым часам працэс навучання ў свеце станавіўся ўсё больш мабільным і адкрытым. Сёння 10 працэнтаў студэнтаў у Еўропе мяняюць, заўважце, не ВНУ, а краіну навучання. І гэта ўжо не дзіва, калі малады чалавек пачынае вучобу ў нямецкім універсітэце, потым працягвае яе ў італьянскім, а заканчвае ў французскім ці амерыканскім. Такім чынам дапытлівы малады чалавек мае магчымасць з максімальнай карысцю правесці студэнцкія гады. Адначасова вывучыць адну-дзве замежныя мовы, што яму як будучаму спецыялісту толькі надае прафесійную вагу.

— А што станоўчага ёсць у беларускай сістэме вышэйшай адукацыі?

— Першае. Мы захавалі ўсе ВНУ, ніводная з іх не закрылася. Другое. Мы ператварылі ўсе ВНУ ва ўніверсітэты. Засталіся толькі два інстытуты, калі не памыляюся, — Міністэрства надзвычайных сітуацый і інстытут працоўных і сацыяльных адносін. Наша ўніверсітэцкая адукацыя ў цэлым забяспечвае патрэбы краіны ў кадрах. Ёсць некалькі спецыяльнасцяў, па якіх мы не рыхтуем. У нас, дарэчы, пачынаючы з 90-х гадоў, не зніжаецца колькасць студэнтаў на 10 тысяч насельніцтва. Іх лік увогуле расце. Праўда, не зусім адэкватна патрэбам нацыянальнай эканомікі і грамадства. У адзін момант мы звярнулі ўвагу на тое, што ў нас навыпускалі столькі юрыстаў і эканамістаў, а потым яшчэ і бухгалтараў, што іх нельга было ўладкаваць на працу.

— Чым вы тлумачыце гэтыя перакосы?

— Выбар будучай прафесіі — надзвычай адказны крок для маладога чалавека. Але давайце паглядзім, як гэты выбар у нас адбываецца. У "лепшых" традыцыях савецкіх часоў бацькі па-ранейшаму настойліва раяць дзецям, "на каго трэба ісці вучыцца", каб потым "стаць чалавекам". Прыводзяць усялякія прыклады з жыцця. Бацькі паўсюдна актыўна раяцца, наймаюць рэпетытараў, упарта па сваяках і знаёмых шукаюць "свайго" выкладчыка ў выбраным ВНУ, каб дапамог прасунуць туды любімае дзіця. З савецкіх часоў прафесіі юрыстаў, эканамістаў і бухгалтараў давалі надзейны кавалак хлеба. Ды і ў першыя гады постсавецкай эпохі, калі пачалі стварацца кааператывы, прыватныя фірмы і прадпрыемствы, гэтыя спецыяльнасці былі запатрабаваныя, добра аплачваліся. Вось і кінулася моладзь засвойваць іх. А вышэйшая школа дала адэкватны адказ на гэты попыт і перастаралася.

— Між іншым, у савецкія часы работа ў банках лічылася зусім непрэстыжнай. Так сабе была работа. На банкаўскую справу ішлі вучыцца ў асноўным троечнікі, тыя, хто не меў шанцаў паступіць на іншыя больш прэстыжныя эканамічныя спецыяльнасці. А вось цяпер у банк таксама не ўладкавацца, нават касіркай.

— Часовая з`ява. Банкаўская справа — толькі частка вялікай эканомікі. Ва ўсім свеце яна па цікавасці для маладых людзей лічыцца сярэдняй, даходы там таксама сярэднія, вядома, за выключэннем топ-менеджараў. У іх велізарныя бонусы. Дарэчы, асноўная колькасць банкаўскіх работнікаў — выпускнікі каледжа, якія маюць сярэдне-спецыяльную адукацыю, толькі ад кіраўніцтва патрабуецца вышэйшая адукацыя, дыплом прэстыжнай бізнэс-школы. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а ці патрэбна нам столькі бухгалтараў з вышэйшай адукацыяй? Я ўпэўнены, што не. Дастаткова дыплома каледжа. Увогуле варта разабрацца з тым, якія спецыяльнасці і ў якіх аб`ёмах нам неабходны на блізкую і далёкую перспектыву. І, магчыма, ужо ў школе весці работу па выяўленні схільнасцяў юнакоў і дзяўчат з мэтай іх прафесійнай арыентацыі. Каб гэта быў іх свядомы выбар жыццёвага шляху, а не бацькоў.

— Якасць адукацыі — гэта ў першую чаргу якасць прафесарска-выкладчыцкага складу нашых універсітэтаў. А ён у нас няўхільна старэе. Моладзь не вельмі імкнецца ў аспірантуру.

— Згодны. Таму зразумелыя тыя патрабаванні, якія паступова павышаюцца да ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Не сакрэт, што значная іх частка з года ў год чытае па пажоўклых паперках лекцыі, якія не выклікаюць цікавасці ў студэнтаў. А навука павінна быць рухомай і дэмакратычнай. Толькі тады яна будзе эфектыўнай. Зараз нашай вышэйшай школе патрэбны прыток маладой крыві, свежых і амбіцыйных ідэй, нетрадыцыйных падыходаў і рашэнняў. Аднак "старая гвардыя" трымае абарону, неахвотна дапускае ў свае рады навічкоў. Асабліва гэта тычыцца абароны доктарскай дысертацыі. Ды і кандыдацкую сёння вельмі няпроста абараніць.

З іншага боку, ёсць выпадкі, калі малады чалавек пасля заканчэння мінскага ВНУ паступае ў аспірантуру Венскага ўніверсітэта, там праз тры-пяць гадоў абараняецца і ў няпоўныя 30 гадоў становіцца доктарам навук. Праз пэўны і нядоўгі час можна атрымаць званне прафесара вядомага замежнага ўніверсітэта. І такія прыклады далёка не адзінкавыя. А ў нас добра, калі малады чалавек у гэтым узросце ўшчыльную наблізіцца да абароны кандыдацкай. І не факт, што ў святле павышаных патрабаванняў да навуковых работ, асабліва на гуманітарныя тэмы, удасца абараніцца. Таму і не вельмі, як раней, ідзе здольная моладзь у аспірантуру.

Я думаю, што надышоў час абмеркаваць пераход да адной навуковай ступені. У большасці краін свету існуе адна ступень, скажам, доктар філасофіі. Гэта ўніверсальная ступень, якая прысвойваецца і філосафу, і матэматыку, і гісторыку, і эканамісту.

— А як павысіць прывабнасць аспірантуры? Можа, высокімі стыпендыямі?


— Ведаеце, калі зрабіць стаўку на матэрыяльныя стымулы, то здарыцца, што ў навуку палезуць шэрасць і прыстасаванцы. Памятаеце, як раней цугам ішлі ў навуку сыночкі і асабліва дочкі начальнікаў. Нездарма тады кандыдацкую ступень назвалі "хлебнай карткай". Ды і самі начальнікі таксама ў якасці "запаснога аэрадрома" стараліся ўсялякімі спосабамі стаць кандыдатам навук, а то і доктарам, калі пашанцуе. Дарэчы, на гэтай ніве няблага карміліся асобныя знакамітыя маскоўскія ды і мінскія навукоўцы. Напрыклад, першы мэр постсавецкай Масквы прафесар Гаўрыіл Папоў, у якога цяпер працуе экс-мэр Юрый Лужкоў, браў да сабе ў аспірантуру выключна толькі дзяцей сакратароў ЦК кампартый саюзных рэспублік. Такі вось ён прагматык. На мой погляд, таленавітую моладзь у аспірантуру трэба прывабліваць удзелам у цікавых даследаваннях, магчымасцямі сказаць сваё слова і рэалізаваць свой патэнцыял, здзейсніць навуковыя планы і г. д.

— У нас усё часцей гавораць пра далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу. Шырокая публіка не ў курсе гэтых дыскусій, а таму, калі ласка, некалькі слоў пра гэты працэс.

— У 1999 годзе ў італьянскім горадзе Балонья была прынятая міжнародная дэкларацыя. Адсюль і яе назва — Балонская. У ёй былі сфармуляваныя асноўныя мэты па дасягненні гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы. Такім чынам, была створана адзіная Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі.

Сёння ў Балонскі працэс уваходзіць 47 дзяржаў. Першай з постсавецкіх краін у 2003 годзе да яго далучылася Расія, праз два гады Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Азербайджан. Балонскі працэс будуецца на пачатках добраахвотнасці і нічога ад сваіх удзельнікаў не патрабуе.

Для нашых маладых людзей удзел у працэсе дасць магчымасць бясплатна вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах, нават там стыпендыю атрымоўваць. Напрыклад, у Чэхіі. Але ёсць адна ўмова — трэба здаць экзамен па чэшскай мове. І хто ведае, можа, мы выкарыстаем на карысць краіны адкрытасць еўрапейскай адукацыі, павысім якасць навучання беларускай вышэйшай школы, зробім яе прывабнай для іншаземцаў з іншых кантынентаў. Не сакрэт, што вышэйшая адукацыя становіцца высокарэнтабельнай сферай бізнэсу, у якой пакуль лідзіруюць ЗША. Еўропа толькі як цэлае можа разлічваць на паспяховую канкурэнцыю ў гэтай галіне.

— Кажуць, каб быць паспяховым у сваёй прафесіі, трэба вучыцца на працягу ўсяго жыцця. А навошта?


— Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя выявілі, што чалавек у сярэднім на працягу працоўнай дзейнасці пяць разоў мяняе прафесійны ўзровень ці прафесію. Скажам, спачатку працаваў тэхнікам-машынабудаўніком, а потым перакваліфікаваўся ў інжынеры-прыборабудаўнікі, а потым стаў тэхнолагам. Унутры кожнай прафесіі ёсць магчымасці для росту і манеўру. Для гэтага існуе паслядыпломная адукацыя. Напрыклад, вы працавалі інжынерам па механічных гадзінніках. А сёння іх мала дзе выпускаюць. Вам давядзецца перавучвацца. Ці вы працавалі сакратаром ва ўстанове, добра друкавалі на машынцы загады і даведкі. Цяпер паўсюдна ў прыёмных камп`ютары. Трэба таксама перавучвацца, умець карыстацца інтэрнэтам. Раней канструктары працавалі за вялікімі кульманамі, а цяпер чарцяжы робяцца з дапамогай таго ж камп`ютара. Вучоба пасля заканчэння ВНУ дапамагае вам заставацца ў прафесіі, зніжае верагоднасць страціць работу. Таму заўсёды варта выкарыстоўваць магчымасці для павышэння прафесійнага ўзроўню: курсы, трэнінгі, канферэнцыі, семінары...

Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда
25 лiстапада 2010 года
 
Дата публикации:26.11.2010
Тематика:Образование, Беларусь
Просмотров:4822
 
Ключевые слова:
Образование В Беларуси Болонский процесс ВУЗы Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме