https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Белавія" павялічвае колькасць рэйсаў з Мінска ў Кіеў і адкрывае рэйс у Харкаў


З 12 лістапада кампанія "Белавія" павялічвае колькасць рэйсаў па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск і 17 снежня адкрывае рэйс у Харкаў.
Як паведаміла прэс-служба "Белавія", мэта адкрыцця новых рэйсаў — нарошчванне транзітнага патэнцыялу кампаніі, а таксама Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Трэцяя штодзённая частата па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск і новы рэгулярны рэйс Мінск — Харкаў дазволяць больш камфортна падарожнічаць з гэтых гарадоў Украіны ў пункты Еўропы і краіны СНД. 

Раней самалёты "Белавія" па маршруце Мінск — Кіеў — Мінск лёталі двойчы ў дзень у аэрапорт Барыспаль. Новы рэйс будзе выконвацца ў міжнародны аэрапорт Кіеў (Жуляны). Такім чынам, пасажыры змогуць выбраць больш зручны час і аэрапорт для падарожжа ў Кіеў, адзначаюць у авіякампаніі. 

Рэйсы будуць штодзённымі з вылетам з Мінска ў 23.05, з Кіева (Жуляны) — у 05.15 па мясцовым часе. Час у палёце — адна гадзіна. 

"Ранні вылет рэйса з Кіева і прыбыццё ў Мінск дазволіць пасажырам, у першую чаргу дзелавым людзям, рацыянальна спланаваць час знаходжання ў Беларусі: паспець вырашыць усе справы і вярнуцца дадому. Акрамя таго, расклад палётаў "Белавія" дазволіць транзітным пасажырам прадоўжыць падарожжа практычна па ўсёй маршрутнай сетцы авіякампаніі", — растлумачыў генеральны дырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоль Гусараў. 

Выкананне палётаў па маршруце Мінск — Харкаў — Мінск запланавана на самалётах Boeing 737-500 у двухкласнай кампаноўцы. Кошт білета складзе 98 еўра ў адзін бок і 195 еўра туды-назад, уключаючы зборы і таксы. Вылет з Мінска прызначаны на 13.20 па мясцовым часе, вылет з Харкава — у 14.25. Рэйсы будуць штодзённымі. Час у палёце — 1 гадзіна 35 хвілін. 

"Для нас вельмі важна, што прадстаўнікі міжнароднага аэрапорта Харкаў былі самі зацікаўленыя ў развіцці партнёрства, што пацвярджае іх візіт у Мінск і аператыўнае ўзгадненне ўсіх нюансаў па адкрыцці рэйсу. Білеты на рэйс пачнуць прадавацца ўжо ў самы бліжэйшы час", — падзяліўся Гусараў. 

Харкаў стане трэцім украінскім напрамкам авіякампаніі. Пасажыры рэйсаў "Белавія" ў Нацыянальным аэрапорце Мінск могуць скарыстацца стыкоўкамі з іншымі рэйсамі перавозчыка для палётаў па большасці напрамкаў яго маршрутнай сеткі, падкрэсліваюць у кампаніі. 

З канца кастрычніка паміж Украінай і Расіяй поўнасцю спыненыя авіязносіны з-за ўвядзення ўзаемных санкцый у дачыненні да авіякампаній. У сувязі з гэтым новымі магчымасцямі беларускага перавозчыка могуць актыўна карыстацца як украінскія, так і расійскія пасажыры. 25 кастрычніка "Белавія" адкрыла штодзённы рэйс па маршруце Мінск — Адэса — Мінск. Адэса стала другім пасля Кіева ўкраінскім пунктам у маршрутнай сетцы беларускага перавозчыка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2015
 
Дата публикации:05.11.2015
Тематика:Транспорт, Беларусь
Просмотров:875
 
Ключевые слова:
Белавиа Авиаперевозки Беларусь-Украина Харьков Одесса Киев Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме