Як паведамляе прэс-служба ЕЭК, гаворачы аб транспартнай палітыцы будучага Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), Ахметаў адзначыў, што ключавым элементам развіцця інфраструктуры будзе правядзенне скаардынаванай і ўзгодненай транспартнай палітыкі. Адзін з яе асноўных прыярытэтаў — стварэнне агульнага рынку транспартных паслуг, што прадугледжвае лібералізацыю доступу да рынку паслуг, устанаўленне адзіных падыходаў па развіцці канкурэнцыі і прадухіленні нядобрасумленнай канкурэнцыі, фарміраванне ўніфікаванай тарыфнай палітыкі, ліквідацыя нефізічных бар`ераў.
"Парадак, умовы і этапы лібералізацыі будуць вызначацца асобнымі міжнароднымі дагаворамі ў межах саюза з удзелам галіновых асаблівасцяў. Так, у сферы развіцця аўтамабільнага транспарту дзяржавы-члены да 1 студзеня 2016 года прымуць праграму паэтапнай лібералізацыі ў сферы кабатажных перавозак на перыяд з 2016 па 2025 гады", — растлумачыў Ахметаў.
Паводле яго слоў, істотнаму росту транзітнай прывабнасці краін будучага ЕАЭС садзейнічае стварэнне чыгункамі Беларусі, Казахстана і Расіі аб`яднанай транспартна-лагістычнай кампаніі (АТЛК). "Доля транзітных перавозак з Кітая ў Еўрапейскі саюз цераз тэрыторыю АЭП чыгуначным транспартам павялічыцца больш як у 10 разоў і складзе да 2020 года прыблізна 7%. У адпаведнасці з канцэпцыяй і бізнес-планам стварэння АТЛК да 2020 года даходы ад выкарыстання інфраструктуры складуць 1,6 млрд. долараў, кумулятыўны ўклад у ВУП трох краін — 11,1 млрд., з`явіцца больш як 43 тысячы новых працоўных месцаў, агульны грузаабарот перавысіць 4 млн. кантэйнераў", — заявіў міністр.
Ахметаў таксама паведаміў, што праект "Адзінае еўразійскае неба" будзе ажыццяўляцца паэтапна з улікам інтарэсаў усіх краін ЕАЭС.
"Мы павінны глядзець у будучыню, і мы разумеем, што замыкацца ў адной прасторы ніводная краіна не павінна. Зразумела, што сёння расійская авіяцыя мае некаторыя канкурэнтныя перавагі перад авіяцыяй Беларусі і Казахстана, менавіта таму праграма будзе прадугледжваць этапнасць, стварэнне канкурэнтных умоў і шмат іншага", — падкрэсліў міністр ЕЭК.
Ён нагадаў, што фарміраванне Адзінага еўразійскага неба прадугледжвае стварэнне агульнага рынку авіяцыйных паслуг і адзінай зоны транспартавання паветраным транспартам. Праект, паводле яго слоў, будзе садзейнічаць ператварэнню паветранай прасторы АЭП у запатрабаваны транзітны мост паміж Еўропай і Паўднёва-Усходняй Азіяй і іншымі кантынентамі.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 22 траўня 2014