Як адзначылі ў беларускім пагранічным ведамстве, у сетцы распаўсюджвалася розная і не заўсёды дакладная інфармацыя аб закрыцці 8 ліпеня літоўскім бокам пункта пропуску «Мядзінінкай» (сумежны «Каменны Лог»). У Дзяржпагранкамітэце раскрылі падрабязнасці інцыдэнту.
Каля 17:30 7 ліпеня ў беларускі пункт пропуску «Каменны Лог» на рэйсавым аўтобусе «Мінск — Вільня» прыехаў грамадзянін Пакістана. Каб перасекчы беларускую граніцу, іншаземец прад’явіў сапраўдныя пашпарт і беларускую візу. Пасля афармлення мужчына адправіўся ў Літву.
Пазней літоўская пагранслужба праінфармавала, што пры афармленні ў пункце пропуску «Мядзінінкай» пакістанец прад’явіў падроблены від на жыхарства ў адной з краін ЕС.
Пасля гэтага трое супрацоўнікаў прывялі іншаземца да граніцы і паспрабавалі выправадзіць яго на беларускую тэрыторыю. Мужчына адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся стаяць ля пагранічнага слупа на літоўскай тэрыторыі. Тады пагранічнікі Літвы спынілі рух праз «Мядзінінкай». Яны матывавалі гэта адмовай беларускіх пагранічнікаў прымаць іншаземца.
Такім чынам, больш за суткі пакістанец прабыў на тэрыторыі Літвы, не жадаючы ісці ў Беларусь. Мужчына не аднойчы прасіў супрацоўнікаў Літоўскага пункта пропуску застацца на тэрыторыі Літвы.
Пры гэтым беларускі бок першапачаткова быў зацікаўлены ў аднаўленні руху праз мяжу. Пагранічнікі неадкладна паведамілі літоўскаму боку пра гатоўнасць прыняць замежніка ва ўстаноўленым парадку. На працягу сутак памежнікі Літвы бяздзейнічалі і не спрабавалі вырашыць сітуацыю, якая склалася. Дзякуючы намаганням беларускіх пагранічнікаў пакістанец добраахвотна вярнуўся ў Беларусь. Дзеянні беларускага боку прадухілілі далейшае абвастрэння абстаноўкі і аднавілі пропуск асоб і транспарту праз граніцу.
Звязда, 10 ліпеня 2023