Такім чынам, будучыня наступіла. Яшчэ год таму лідар нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даў заданне транспартнаму ведамству аб стварэнні стартавай партыі аўтобусаў на электрычнай цязе. А сёння, напярэдадні святкавання дня Перамогі, у гарады Беларусі пастаўленыя першыя электробусы МАЗ. Хутка яны выйдуць спачатку ў абласных цэнтрах, а потым і ў самых аддаленых рэгіёнах нашай краіны.
Дзесяць першых – ужо ў дарозе
А сёння МАЗ адправіў першую партыю электробусаў у Мінск і абласныя цэнтры. Іх адрознівае вялікі запас ходу — без падзарадкі можна некалькі разоў перасекчы любы горад. Бясшумныя і экалагічна чыстыя МАЗ 303Е10 з кандыцыянерамі і USB-партамі неўзабаве з’явяцца на гарадскіх маршрутах.
Першая партыя ўключае 10 электробусаў МАЗ. Чатыры з іх перададзеныя КТУП «Мінсктранс» і паступілі ў сталічны транспартны парк № 1. Астатнія будуць курсаваць у абласных цэнтрах. Іх плануюць выкарыстоўваць на гарадскіх маршрутах.
Электробусы пафарбаваны ў фірмовыя колеры перавозчыкаў: жоўты — для Мінска, зялёны — для абласных цэнтраў. Да асаблівасцяў камплектацыі, у прыватнасці, адносяцца цёплыя кнопкі, бескантактавая сістэма супрацьзашчымлення пасажыраў і высоўная апарэль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З цікавага — USB-парты на кожным шэрагу сядзенняў для зарадкі смартфонаў і планшэтаў.
«Для сферы перавозак гэта важная падзея: першыя электробусы МАЗ паступаюць у беларускія аўтапаркі для сталай эксплуатацыі. МАЗ 303Е10 прыкметна адрозніваецца ад іншых: стыльны сілуэт, вялікі запас ходу, высокая манеўранасць ды камфортны салон. Пры гэтым навінка адносіцца да аўтобусаў трэцяга пакалення, якія таксама прадстаўлены турбадызельным аўтобусам МАЗ 303266. Гэтыя мадэлі будуць фармаваць аблічча аўтобусных гарадскіх перавозак у хуткай будучыні», — адзначаюць на заводзе.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 5 траўня 2021
Звязда, 5 траўня 2021