Лекі, якія змяшчаюць псіхатропы і наркатычныя рэчывы, увозіць для асабістага выкарыстання ў Беларусь можна, аднак пры гэтым неабходна выконваць шэраг правіл, пра іх распавялі ў Мінскай мытні.
Увозіць і вывозіць праз мытную мяжу ЕАЭС у Беларусі наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх прэкурсоры ў выглядзе лекаў дазволена фізічным асобам для асабістага ўжывання - пры наяўнасці адпаведных пацвярджаючых медыцынскіх дакументаў, у якіх паказваецца назва і колькасць лекаў. Дазваляецца мець замест арыгінала дакументаў іх копію.
Арыгіналы (ці копіі) павінны быць складзеныя на той мове дзяржавы-члена ЕАЭС, куды ўвозіцца, альбо дапускаецца іх пераклад, завераны ў натарыуса.
У выпадку, калі лекавыя сродкі купляюцца за мяжой, неабходна папярэдне ўдакладніць, ці ўтрымліваюцца ў іх наркатычныя і псіхатропныя рэчывы. Перавозіць такія лекі без дэкларавання і без адпаведных дакументаў нельга.
Дазваляльным дакументам для правозу можа быць:
* выпіска з медыцынскай дакументацыі пацыента, завераная пячаткай і подпісам урача,
* рэцэпт альбо яго копія, дзе абавязкова ўказваецца назва лякарства, яго дазіроўка і колькасць, неабходная на суткі.
У гэтым выпадку лекавыя сродкі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь правозіць дазволена - у пэўнай колькасці.
Колькасць лекавых прэпаратаў, дапушчальная да ўвозу, залежыць ад складу:
* для лекаў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі - у колькасці, якая не павінна перавышаць тыднёвую патрэбу,
* для лекаў, якія змяшчаюць псіхатропныя рэчывы - не больш за 90 разавых доз.
Чалавеку, які мае пры сабе абмежаваныя да ўвозу (вывазу) лекавыя сродкі, перасякаць мяжу прыйдзецца па "чырвоным" калідоры, запаўненне пасажырскай мытнай дэкларацыі абавязкова. З сабой везці такія прэпараты могуць толькі тыя людзі, хто непасрэдна выкарыстоўвае іх у медыцынскіх мэтах. Абавязковы таксама дакументы, якія пацвярджаюць неабходнасць прыёму лекавых сродкаў.
Інфармацыю аб забароненых і абмежаваных да перамяшчэння праз мытную мяжу ЕАЭС тавараў можна знайсці на адзіным Інтэрнэт-партале мытных органаў Рэспублікі Беларусь.
Мінск, 28 красавіка 2021
Sputnik
Sputnik