13 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» прызямліўся новы Embraer 195-E2, які стаў другім паветраным суднам дадзенага тыпу ў флоце авіякампаніі «Белавія».
Самалёт адрозніваецца ад іншых незвычайнай юбілейнай ліўрэяй: зараз на хвасце можна ўбачыць лічбы «25», а на фюзеляжы — слоган авіякампаніі на дзвюх мовах (рускай і англійскай). Гэта другое паветранае судна найноўшага тыпу з трох, на пастаўку якіх у лютым 2020 года быў падпісаны лізінгавы дагавор паміж авіякампаніяй «Белавія» і лізінгавай кампаніяй AerCap Holdings N.V.
Галоўная адметная характарыстыка Embraer 195-E2 — у яго эканамічнасці. Рухавік GTF, цалкам закрытая канструкцыя шасі і павялічанае крыло дапамагаюць істотна знізіць выдаткі паліва — на 25,4% з разліку на адно пасажырскае месца. Таксама ў Embraer 195-E2 зніжаны выкіды вокісу азоту па стандарце CAEP / 8 на 35%, а выкіды вуглякіслага газу — на 50%. Гэта робіць самалёт самым ціхім і экалагічным у сваім класе і дае магчымасць знізіць кошт авіябілетаў, павялічыўшы пры гэтым узровень сэрвісу.
«Белавія» і бразільскі вытворца паветраных судоў Embraer супрацоўнічаюць ужо 8 гадоў. Беларускі авіяперавозчык паспяхова эксплуатуе 13 самалётаў дадзенага аэрабудаўнічага кангламерату. Новы Embraer 195-E2 стане чатырнаццатым суднам бразільскага паходжання ў флоце авіякампаніі.
Звязда, 13 сакавіка 2021
Звязда, 13 сакавіка 2021