Устаноўка радыёлакатара была прадугледжана Планам мерапрыемстваў па павышэнні якасці прагназавання надвор’я на кароткатэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы на 2018-2020 гады. Названы план рэалізуе Мінпрыроды рэспублікі па даручэнні Прэзідэнта. У віцебскім аэрапорце такая ўстаноўка паявілася яшчэ ў снежні 2018 года, у гродзенскім — летам гэтага года. Ёсць яны ў Мінску і Гомелі.
Такім чынам, адкрыццё аб’екта ў Брэсце стала фінальным акордам у справе стварэння сеткі радыёлакацыйных назіранняў у аэрапортах краіны. Гэта паслужыць павышэнню якасці прагназавання надвор’я і паляпшэнню абслугоўвання спажыўцоў.
Падчас адкрыцця першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў ПІРШТУК адзначыў, што стварэнне радыёлакацыйнай сеткі вельмі важнае для ваеннай і грамадзянскай авіяцыі, для многіх галін народнай гаспадаркі, якія ў паўсядзённым жыцці маюць справу са штормам, навальніцамі, шквалістымі вятрамі. Паводле яго слоў, узровень абсталявання вельмі высокі і не саступае еўрапейскім узорам. Упершыню за 30 гадоў у краіне рэалізаваны такі праект. Кошт абсталявання ў Брэсце разам з устаноўкай склаў каля 5 мільёнаў рублёў.
— Яшчэ адзін этап работы, які мы завяршаем сёлета, забяспечыць новы ўзровень прыземнага назірання — адзначыў намесік міністра. — Паяўляецца сетка аўтаматычных метэаралагічных станцый, плануецца ўвесці ў строй іх паўтара дзясятка. Такія ўжо дзейнічаюць і ў Брэсцкай вобласці: у Баранавічах і Пінску. Усё гэта накіравана на павышэнне дакладнасці прагнозаў і якасці назірання.
Святлана Яскевіч
Звязда, 6 лістапада 2020
Звязда, 6 лістапада 2020