https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тарыфы на зарадку электрамабіляў у Беларусі будуць самымі нізкімі ў Еўропе


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ВА "Беларуснафта".
У Беларусі завяршыўся тэставы этап стварэння сеткі электразаправачных станцый, калі зарадзіць электрамабіль можна было бясплатна. З ліпеня 2020 года "Беларуснафта" ўводзіць тарыфы на зарадку на ЭЗС Malanka. У кампаніі падкрэслілі, што кошт электраэнергіі будзе самым нізкім у параўнанні з суседзямі і іншымі еўрапейскімі краінамі. Ён складзе каля 30-40 капеек за 1 кВт/гадз. Канчатковая цана залежыць ад хуткасці зарадкі - заправіцца на суперхуткай станцыі будзе крыху даражэй. Але ў любым выпадку гэта амаль у два разы танней у параўнанні з бензінам.

"Зарадка электрамабіляў у нас была бясплатная з 2014 года, пакуль мы працавалі ў тэставым рэжыме. Увядзенне платы за выкарыстаную электраэнергію абмяркоўвалася ўжо з 2018 года, калі "Беларуснафта" ўказам Прэзідэнта стала нацыянальным аператарам па стварэнні сеткі ЭЗС. Аднак было вырашана адкласці ўвядзенне тарыфікацыі да 2020 года, - адзначыў намеснік дырэктара ВА "Беларуснафта" Андрэй Коцік. - Сёння можна сказаць, што пачатковы этап развіцця сеткі ЭЗС у Беларусі мы паспяхова завяршылі - устанавілі больш за 260 ЭЗС. Гэтага дастаткова для абслугоўвання тысяч электрамабіляў. І мы лагічна пераходзім да наступнага этапу - эканамічна абгрунтаванага развіцця сеткі".

Ён падкрэсліў, што Malanka - не проста адна станцыя, а нацыянальная сетка, якая пакрывае ўсю краіну. З хуткасцю і якасцю абслугоўвання вадзіцелі атрымліваюць упэўненасць, што не застануцца без электраэнергіі для свайго аўтамабіля. "Гэта агульнасусветная практыка: нават фірменныя зарадныя станцыі Tesla, якія з самага пачатку ў перыяд станаўлення таксама былі бясплатнымі, цяпер аказваюць паслугу за грошы", - сказаў Андрэй Коцік.

Паводле слоў прадстаўніка "Беларуснафты", электрапаліва ўсё роўна будзе значна, а дакладней, у два разы таннейшае за бензін. Просты падлік паказвае, што поўная зарадка электракара Nissan Leaf, ёмістасць батарэі якога 24 кВт/гадз, абыдзецца яго ўладальніку ў памеры Br7-9 у залежнасці ад хуткасці зарадкі. Гэтага запасу энергіі хопіць, каб праехаць 150 км. Расход паліва на такую ж адлегласць для такога аўтамабіля з бензінавым рухавіком - каля 10 л, якія будуць каштаваць Br18-20.

Розніца ў цане павінна зрабіць электратранспарт больш прывабным у параўнанні з бензінавымі аўто. У апошнія месяцы ў Беларусі прыняты шэраг мер, каб стымуляваць пераход на экалагічны транспарт: адменены ПДВ і мытная пошліна, што сур`ёзна зменшыла кошт куплі электрамабіля для фізічных і юрыдычных асоб. Цэнавая палітыка "Беларуснафты" для Malanka не супярэчыць гэтай мэце.

Пры цяперашнім кошце бензіну ў год на запраўку машыны траціцца прыкладна Br6-8 тыс. Зарадка абыдзецца ў памеры 3-3,5 тыс. Нескладана падлічыць, за які час больш дарагі электрамабіль акупіцца ў параўнанні са стандартным транспартам.

Заправіцца на Malanka ў Беларусі будзе значна танней, чым у іншых еўрапейскіх краінах, дзе парк электрамабіляў большы, чым у нас. У еўрапейскіх дзяржавах няма адзінай цаны на зарадку, яна можа вар`іравацца ў залежнасці ад брэнда ЭЗС, месца размяшчэння станцый, хуткасці зарадкі і іншых фактараў. Многія кампаніі, напрыклад, бяруць плату не за 1 кВт/гадз, а за час, што патрабуецца для зарадкі электрамабіля.

Параўнальна нізкую цану на электрапаліва, паводле прагнозаў спецыялістаў, удасца захоўваць у будучым дзякуючы атрыманню энергіі з БелАЭС.

Аплаціць зарадку ў Беларусі можна будзе праз спецыяльны дадатак. Цяпер у "Беларуснафты" ёсць дадатак для аплаты паліва, пры дапамозе якога вадзіцелі могуць запраўляцца хутка і бескантактава. У хуткім часе будзе запушчаны падобны дадатак і для электразаправак, які будзе называцца гэтак жа, як і сама сетка, - Malanka. Праз яго можна будзе не толькі правесці аплату, але і адсочваць параметры зарадкі электракара: колькі кілават зараджана, за які час, на якую адлегласць іх хопіць. Акрамя таго, у дадатку можна будзе забраніраваць зарадку і ўбачыць размяшчэнне бліжэйшых станцый, што значна спросціць жыццё ўладальнікам электракараў.

"Malanka" - першая і буйнейшая сетка электразаправак у краіне. За два гады нам удалося развіць сетку да некалькіх соцень заправак, з якіх больш за 130 дазваляюць зарадзіць аўтамабіль усяго за паўгадзіны. Мы прапануем вадзіцелям не проста электразарадку, а якасць і хуткасць абслугоўвання, плата за якія дасць магчымасць у далейшым удасканальваць і развіваць нацыянальную сетку ЭЗС у канкурэнтным асяроддзі", - рэзюмаваў Андрэй Коцік.

10 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

 
Дата публикации:10.06.2020
Тематика:Транспорт, Беларусь
Просмотров:285
 
Ключевые слова:
Электромобиль Тариф Зарядка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме