https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Белавія" ўводзіць безбагажныя тарыфы


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.
"Белавія" з 18 лістапада ўводзіць новую структуру тарыфаў, з`явяцца ў тым ліку безбагажныя тарыфы, вага ручной паклажы павялічваецца з 8 да 10 кг. 

"Колькасць месцаў і кошт авіябілетаў у розных тарыфных брэндах будзе вар`іравацца ў залежнасці ад умяшчальнасці паветранага судна, колькасці пасажыраў на рэйсе і іншых фактараў. Розніца паміж коштам безбагажнага пералёту і мінімальным коштам білета з багажом па маршруце "туды-назад" будзе складаць да 65 еўра ў залежнасці ад напрамку", - расказалі ў прэс-службе.

Так, напрыклад, мінімальны кошт білета "туды-назад" без багажу ў Калінінград будзе пачынацца ад 85 еўра (раней і цяпер з багажом ад 115 еўра), з Мінска ў Прагу кошт перавозкі "туды-назад" без багажу будзе пачынацца ад 166 еўра (мінімальная цана раней з багажом - ад 240 еўра, цяпер - 191 еўра), з Мінска ў Кіеў авіябілет "туды-назад" без багажу ад 109 еўра (мінімальная цана раней з багажом - 134 еўра, цяпер - 139 еўра).

Усе тарыфы авіякампаніі падзелены на пяць груп: "Прома", "Лайт", "Смарт", "Флекс" і "Бізнес".

У тарыфных брэндах "Прома" і "Лайт" будуць прапаноўвацца самыя даступныя па кошце авіябілеты. Абодва брэнды даюць магчымасць бясплатна перавезці толькі ручную паклажу вагой не больш за 10 кг. 

Пры неабходнасці куплі багажу кошт правозу аднаго чамадана зніжаны з 50 да 25 еўра для вышэйназваных брэндаў.

У тарыфы групы "Смарт" ужо ўключаны бясплатны правоз не толькі аднаго месца ручной паклажы вагой да 10 кг, але і зарэгістраванага багажу вагой да 23 кг. Тарыфы "Смарт" таксама прадугледжваюць магчымасць бясплатнага папярэдняга выбару асобных катэгорый месцаў на борце самалёта.

Умовы тарыфу "Флекс" прадугледжваюць акрамя бясплатнага правозу ручной паклажы бясплатны правоз аднаго месца багажу вагой да 32 кг. Паслугі папярэдняга выбару месца ў салоне, а таксама змянення даты вылету і вяртання білета прадастаўляюцца бясплатна. 

Тарыф "Бізнес" уключае ў сябе бясплатны правоз двух месцаў ручной паклажы вагой не больш як 10 кг кожнае і двух месцаў зарэгістраванага багажу вагой да 32 кг кожны, бясплатны папярэдні выбар месца на борце і магчымасць змянення і вяртання білета да і пасля вылету. Акрамя таго, авіякампанія прапануе прыярытэтную пасадку, абслугоўванне ў бізнес-зале і асобную стойку рэгістрацыі.

Спартыўны рыштунак перавозіцца без дадатковай аплаты згодна з дзеючымі правіламі авіякампаніі па тарыфах груп "Смарт", "Флекс" і "Бізнес".

Новыя правілы тарыфаў распаўсюджваюцца на авіябілеты, набытыя з 18 лістапада. Да авіябілетаў, аформленых раней, прымяняюцца правілы, дзеючыя на момант куплі авіябілета. У той жа час новыя правілы па памерах кожнага месца ручной паклажы з 18 лістапада будуць прымяняцца да ўсіх авіябілетаў.

"На працягу непрацяглага перыяду тэсціравання авіякампанія будзе ўважліва сачыць за аператыўным устараненнем магчымых памылак, з улікам атрыманага вопыту ўносіць дапаўненні і змяненні ў рабоце новай канцэпцыі", - адзначылі ў прэс-службе.

У авіякампаніі звярнулі ўвагу, што па безбагажных тарыфах ручную паклажу нельга будзе здаваць у багаж. У сувязі з гэтым неабходна загадзя азнаёміцца з правіламі правозу ручной паклажы, якія захоўваюцца, як і раней: забаронены правоз усіх вострых, рэжучых і колючых прадметаў, выбуховых рэчываў, сціснутых і звадкаваных газаў. У ручной паклажы дазваляецца правозіць вадкасці агульным аб`ёмам 1 л ва ўпакоўках не большых за 100 мл.

18 лістапада 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:18.11.2019
Тематика:Транспорт, Беларусь
Просмотров:324
 
Ключевые слова:
Авиаперевозки Белавиа Тарифы Багаж Ручная кладь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме