https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Кыргызстан падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыі


Подпісы пад дакументам 11 ліпеня паставілі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і намеснік міністра культуры, інфармацыі і турызму Кыргызстана Айнура Тэмірбекава.
Пагадненне заключана з мэтай заахвочваць рэгулярны абмен інфармацыйнымі матэрыяламі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці абедзвюх дзяржаў, а таксама развіваць супрацоўніцтва паміж рэдакцыямі і абмен дэлегацыямі.

"Мы хацелі б насыціць пагадненне паміж міністэрствамі канкрэтнымі справамі. Перш за ўсё, гэта датычыцца таго кантэнту, які хацелася б атрымліваць аб гэтай краіне ў нас, а пра Беларусь - у Кыргызстане, каб чытачы бачылі, чым жывуць нашы дзяржавы, якія праекты рэалізуюцца. Гэта галоўная мэта пагаднення. Безумоўна, у рамках яго пройдуць прэс-туры, прадугледжаны ўдзел журналістаў Кыргызстана ў нашых мерапрыемствах, а таксама ўдзел беларускіх журналістаў у іх творчых і медыйных праектах", - адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

У сваю чаргу Айнура Тэмірбекава падкрэсліла: даўнія дамоўленасці паміж міністэрствамі сёння нарэшце набылі заканадаўчую аснову.

"Мы даўно супрацоўнічаем з Міністэрствам інфармацыі Беларусі і сёння падпісалі пагадненне, якое дае магчымасць перавесці ў практычную плоскасць усе абмеркаваныя раней мерапрыемствы. У першую чаргу нам хочацца наладзіць непасрэднае ўзаемадзеянне паміж прафесійнымі арганізацыямі - тэлерадыёарганізацыямі дзвюх краін. Так, учора была дасягнута дамоўленасць паміж Белтэлерадыёкампаніяй і нашай Грамадскай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыяй. Хочацца адзначыць высокі ўзровень ужо існуючага супрацоўніцтва паміж БЕЛТА і нашым інфармацыйным агенцтвам Кабар", - сказала яна.

Кыргызскі бок прапанаваў і новы напрамак узаемадзеяння ў сферы інфармацыі. У прыватнасці, размова ідзе аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіянальнай журналістыкі. Аляксандр Карлюкевіч прапанову падтрымаў.

"Сёння лік рэгіянальных выданняў у Беларусі ідзе на сотні. Хацелася б, каб еўразійская тэматыка - жыццё і дзейнасць у краінах Еўразійскай прасторы - была актуальнай для нашых масмедыя і, адпаведна, для чытачоў. Мы вырашылі, што пляцоўкай стане дадатак да газеты "Звязда" "Союз - Евразия", - удакладніў ён.

Пачатак супрацоўніцтва будзе пакладзены ў фармаце асвятлення галоўных мерапрыемстваў Беларусі і Кыргызстана.

У ліку важных падзей міністр інфармацыі вылучыў II Еўрапейскія гульні. Айнура Тэмірбекава са свайго боку запрасіла беларускіх журналістаў на III Сусветныя гульні качэўнікаў, якія пройдуць у Кыргызстане 2-8 верасня на маляўнічым беразе возера Ісык-Куль.

11 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:11.07.2018
Тематика:ЕАЭС, Культура
Просмотров:932
 
Ключевые слова:
Кыргызстан Сотрудничество "Звязда" "Союз - Евразия"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме