https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Краіны ЕАЭС вызначыліся з адзінай сельскагаспадарчай стратэгіяй развіцця


Аб гэтым паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).
Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) вызначыліся з адзінай сельскагаспадарчай стратэгіяй развіцця.

Як паведаміў член калегіі (міністр) ЕЭК Сяргей Сідорскі 1 чэрвеня на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, у аснове стратэгіі — інавацыйныя падыходы з разлікам на далейшае ўмацаванне харчовай бяспекі, а ў сярэднетэрміновай перспектыве — больш поўнае імпартазамяшчэнне, выпуск высокатэхналагічнай прадукцыі і павелічэнне аб`ёмаў экспарту.

Сідорскі падкрэсліў, што тэма інавацыйнага развіцця аграпрамысловага комплексу актуальная для ўсіх краін ЕАЭС. "Гэта звязана з тым, што сёння дзяржавы-члены залежаць ад імпарту высокатэхналагічных сродкаў вытворчасці, насення, кармоў, генетычнага матэрыялу. Гэтую сітуацыю можна кардынальна змяніць ужо ў найбліжэйшыя пяць гадоў", — сказаў ён.

Таму важным напрамкам сельскагаспадарчай стратэгіі саюза міністр назваў фарміраванне эфектыўных механізмаў навукова-інавацыйнага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Камісія зацвердзіла пералік з 14 прыярытэтных для супрацоўніцтва тэмаў, уключаючы генетыку, селекцыю, аквакультуры, ветэрынарыю, тэхналогіі глыбокай перапрацоўкі. Па кожнай тэме сфарміраваны рэестр прыкладных даследаванняў.

Прэм`ер-міністры краін ЕАЭС падпісалі парадак арганізацыі сумесных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у аграпрамысловым комплексе. Прынятыя рашэнні дазволяць актывізаваць кааперацыю ў навуковай сферы, аптымізаваць бюджэтныя выдаткі так, каб грошы працавалі адначасова на развіццё нацыянальных эканомік і інтэграцыі.

Таксама камісія вызначыла ў АПК тры прыярытэтныя тэхналагічныя платформы: сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць, біятэхналогіі. Яны аб`ядноўваюць вядучыя нацыянальныя навуковыя і вытворчыя арганізацыі з прапановамі па сумесных інавацыйным кааперацыйных праектах у найбольш перспектыўных галінах. Гэта айчынныя сістэмы аэрапонікі для імпартазамяшчэння агародніннай прадукцыі, інавацыйныя тэхналогіі захоўвання плодаагародніннай прадукцыі, глыбокай перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны і іншыя.

Сідорскі адзначыў, што камісія абмяркоўвае з краінамі саюза пытанні арганізацыі еўразійскіх навукова-інавацыйных цэнтраў у галіне геномнай селекцыі, развіцця біятэхналагічных падыходаў для паскоранай гадоўлі племянной жывёлы і аздараўлення статкаў ад лейкозу. Праца цэнтраў дазволіць на інавацыйнай аснове павысіць канкурэнтаздольнасць малочнай і мясной жывёлагадоўлі ЕАЭС з перспектывай экспарту прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.

"Такім чынам, на наднацыянальным узроўні створаныя неабходныя ўмовы для мабілізацыі навуковага патэнцыялу нашых краін з мэтай вытворчасці інавацыйных прадуктаў. Гэта дасць магчымасць дзяржавам-членам і cаюзу ў цэлым выйсці на больш высокі ўзровень сельскагаспадарчага развіцця", — рэзюмаваў міністр ЕЭК.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 2 чэрвеня 2017
 
Дата публикации:02.06.2017
Тематика:ЕАЭС, Экономика
Просмотров:985
 
Ключевые слова:
Сельское хозяйство Интеграция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме