https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Элегантная перамога" незьмяняльнага Назарбаева


На пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах у Казахстане чаканую перамогу атрымаў Нурсултан Назарбаеў. Ён кіруе краінай з 1989 году, калі стаў першым сакратаром кампартыі. Афіцыйныя вынікі цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане нагадваюць пратаколы галасаваньняў у СССР,— яўка склала 90 працэнтаў, за Назарбаева было аддадзена 95,5 працэнта галасоў.
Беларускія і казахстанскія палітолягі параўноўваюць "элегантную перамогу" Назарбаева з тым, як выйграў мінулыя выбары Аляксандар Лукашэнка.

Супернікамі Нурсултана Назарбаева былі тры кандыдаты, усе яны ўжо прызналі сваю паразу і павіншавалі пераможцу. А кандыдат Мэлс Еляўзісаў нават заявіў, што сам галасаваў за Назарбаева. Назіральнікі ад СНД традыцыйна прызналі выбары адпаведнымі дэмакратычным стандартам, створаная ў Казахстане Грамадзкая назіральная камісія за пазачарговымі выбарамі таксама назвала выбары дэмакратычнымі і адпаведнымі заканадаўству. Сам Назарбаеў назваў 95,5 працэнта галасоў, аддадзеных за яго, сэнсацыяй для заходніх дзяржаў.

Тым часам назіральнікі ад АБСЭ заявілі, што выбары прайшлі на неналежным узроўні. "Шматлікія недахопы, выяўленыя падчас папярэдніх выбараў, усё яшчэ маюць месца і на гэтых выбарах", — заявіў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Даан Эвертс. Паводле кіраўніка дэлегацыі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Таніна Піцулы, "гэтыя выбары паказваюць, што дэмакратычныя інстытуты ў Казахстане яшчэ ня вырасьлі ў такой жа ступені, як эканоміка краіны".

Назіральнікі кажуць пра выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу на карысьць Назарбаева, але вынікі выбараў пакуль ніхто не аспрэчвае, дэманстрацый пратэсту няма. Гаворыць дэпутат парлямэнту Казахстану палітоляг Камал Бурханаў:

"Пратэставаць няма каму. Хто хацеў байкатаваць выбары — не прыйшоў, хто хацеў пайсьці выказаць сваё жаданьне — ён пайшоў, за каго хацеў галасаваць — за таго і галасаваў. Урны празрыстыя, выбарчая кампанія — чыстая, адкрытая".

Спадар Бурханаў параўноўваць выбарчыя кампаніі ў Беларусі і Казахстане лічыць некарэктным. У Казахстане ж Назарбаеву ўдалося за 20 гадоў пабудаваць сыстэму, якая адпавядае патрабаваньням асноўнай часткі насельніцтва, мяркуе ён. Тое ж, што Назарбаеў можа заставацца пры ўладзе пажыцьцёва, не пярэчыць закону, кажа Камал Бурханаў:

"У нас прэзыдэнт — заснавальнік дзяржавы, стваральнік незалежнага Казахстану. Таму менавіта яму парлямэнт даў права, ухваліўшы закон аб першым прэзыдэнце, аб тым, што менавіта толькі ён як заснавальнік дзяржавы мае права неабмежаваную колькасьць разоў выстаўляць сваю кандыдатуру".

Грамадзтва Казахстану, як і Беларусі, ня мае магчымасьці праз выбары зьмяніць сабе ўладу, — перакананы беларускі праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, якога аднойчы дэпартавалі з Казахстану за ўдзел у назіраньні за выбарамі:

"У Казахстане, як і ў Беларусі, працэдура выбараў цалкам знаходзіцца пад кантролем дзейнай улады. Трэба адзначыць, што рэальная казахстанская апазыцыя ня ўдзельнічала ў гэтых выбарах, яна іх байкатавала, а тыя кандыдаты, якія ў іх удзельнічалі (старшыня Патрыятычнай партыі, прадстаўнікі камуністаў і экалягічнай партыі) — гэта тэхнічныя кандыдаты, якія выконвалі ролю партнэраў Назарбаева на гэтых выбарах. У сытуацыі, калі цалкам вынішчанае палітычнае поле, што падобна вельмі да Беларусі, калі адсутнічае свабоднае дзеяньне палітычных партыяў, грамадзкіх аб`яднаньняў, і зьяўляюцца такія вынікі — каля 90 працэнтаў".

Паводле Ўладзімера Лабковіча, у Казахстане менш агрэсіўная рэпрэсіўная машына, меншы маштаб рэпрэсіяў, чым у Беларусі, дый выбарчая працэдура дэманстравала нейкую бачнасьць выкананьня дэмакратычных стандартаў, выкарыстоўваліся тыя ж празрыстыя урны, чаго зусім не было ў Беларусі.

Палітоляг з Казахстану Андрэй Чабатароў кажа, што рэальна ў іхнім грамадзтве няма такой маналітнасьці, пра якую заяўляюць улады — хутчэй, у грамадзтве пануе апатыя:

"Пакуль яшчэ само грамадзтва ў цэлым не дайшло да такога стану, каб было можна або мяняць уладу на выбарах, або пратэставаць, калі нешта не задавальняе. Нельга казаць, што гэтыя выбары былі дэмакратычнымі ці не, яны былі вельмі спакойнымі, стабільнымі, не было нейкага супрацьстаяньня паміж уладай і апазыцыяй, як гэта мела месца ў 1999 і 2005 гадах. У чым улады сапраўды мелі патрэбу, — гэта ў арганізацыі яўкі, што, у прынцыпе, яны і зрабілі".

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода
4 красавіка 2011
 
Дата публикации:04.04.2011
Тематика:Новости, Казахстан
Просмотров:5509
 
Ключевые слова:
Выборы в Казахстане Эксперты ОБСЕ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме