Курс валютпокупкапродажа
USD324.88325.93
EUR396.78399.9
RUR5.725.78
www.kurs.kz
 


 




Найти
 
 


Золатавалютныя рэзервы за 2017 год выраслі на 2,4 млрд долараў


Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 студзеня 2018 года, паводле папярэдніх даных, склалі 7 млрд 315,3 млн долараў ЗША (у эквіваленце).
У цэлым па выніках 2017 года прырост рэзерваў склаў 2 млрд 388 млн долараў ЗША (48,5%).

"Асноўнымі фактарамі росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2017 годзе сталі прыцягненне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне траншаў фінансавага крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, паступленне сродкаў крэдыту ўрада Расійскай Федэрацыі, а таксама павелічэнне кошту манетарнага золата", — пракаментавалі ў Нацбанку.

За снежань 2017 года, паведамляе Нацбанк, золатавалютныя рэзервы знізіліся на 98,4 млн долараў ЗША (на 1,3%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 18,4 млн (на 0,2%).

"Уплыў стрымлівання на дынаміку міжнародных рэзервовых актываў у снежні мела планавае пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 501 млн долараў ЗША", — растлумачыў Нацбанк.

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у снежні спрыялі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама мела павелічэнне кошту манетарнага золата.

Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год быў прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў у вызначэнні МВФ не менш чым на 500 млн долараў ЗША.

Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб`ёме былі выкананыя знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце, падкрэсліў фінансавы рэгулятар.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 751 млн долараў ЗША (18%) і склалі 4 млрд 927,2 млн долараў ЗША (у эквіваленце) на 1 студзеня 2017 года. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш чым на 500 млн долараў ЗША.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб`ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўрадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.

Раней Нацбанк заяўляў, што мінімальны ўзровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучым, — 10 млрд долараў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазваляў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур у кастрычніку выказаў журналістам меркаванне, што ў будучыні рэальна давесці золатавалютныя рэзервы краіны да 10 млрд долараў. "Паводле нашых ацэнак, цалкам рэальна папаўняць рэзервы за кошт прыцягнення на ўнутраным рынку замежнай валюты на 1-1,5 млрд долараў за год", — сказаў ён.

Разам з тым беларускія эканамісты звяртаюць увагу на рызыкі, якія могуць перашкодзіць выкананню задачы па павелічэнні золатавалютных рэзерваў. "Асноўныя крыніцы прытоку замежнай валюты ў краіну схільныя да рознага роду рызыкаў. Не сакрэт, што беларускі экспарт моцна сканцэнтраваны і ў асноўным арыентаваны на Расію. Падзенне валютнай выручкі ў 2015—2016 гады паказала, што можа адбывацца ў Беларусі, калі расійскую эканоміку ліхаманіць", — адзначыла раней у каментары акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Эксперт таксама канстатавала, што дынаміка ЗВР залежыць не толькі ад валютных паступленняў, але і ад расходаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 студзеня 2018
 
Дата публикации:05.01.2018
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:32
 
Ключевые слова:
Финансы Золотовалютные резервы Доллар Кредиты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме