https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Фарміруецца парадак дня пасяджэнняў Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД


У Выканаўчым камітэце СНД ідзе падрыхтоўка да пасяджэнняў Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, якія плануецца правесці 24 і 25 кастрычніка ў Мінску.
Як паведамілі ў інфармацыйна-аналітычным дэпартаменце Выканкама Садружнасці, прапановы ў праекты парадку дня чарговых пасяджэнняў СМЗС і СКД абмяркоўваліся 11 чэрвеня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці. На наступным пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў, якое адбудзецца 20 жніўня ў Мінску, члены Савета сумесна з Выканаўчым камітэтам павінны сфарміраваць праекты парадку дня маючых адбыцца пасяджэнняў Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці.

Пытанні фарміравання праекта парадку дня пасяджэнняў вышэйшых органаў Садружнасці і асноўных праектаў дакументаў будуць абмеркаваныя на чарговых пасяджэннях СМЗС і СКД СНД, расказаў старшыня Савета пастаянных прадстаўнікоў, пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Беларусі пры статутных і іншых органах Садружнасці Васіль Пугачоў.

Паводле яго інфармацыі, сёння праект парадку дня СМЗС уключае 20 праектаў дакументаў. У прыватнасці, уносіцца пытанне аб стратэгіі развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму на перыяд да 2020 года, прапанаваны Саветам па турызме краін СНД, які прайшоў узгадненне на пасяджэнні экспертнай групы прадстаўнікоў краін Садружнасці.

Па прапанове выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева пытанне пра абвяшчэнне 2015 года ў Садружнасці Годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў і пра план асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў прапануецца падзяліць на два самастойныя пункты.

Праект парадку дня пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў на гэтым этапе ўключае 18 пытанняў, якія ахопліваюць розныя сферы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў межах Садружнасці. Некаторыя з іх ухваленыя Саветам міністраў замежных спраў СНД, напрыклад пра абвяшчэнне 2014 года Годам турызму ў СНД, пра канцэпцыю супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, пра пагадненне аб парадку фарміравання і ўжывання сумесных груп спецыялістаў (экспертаў) пагранічных ведамстваў для хуткага рэагавання на пагрозы пагранічнай бяспекі на знешніх межах дзяржаў — удзельніц СНД.

Шэраг пытанняў будзе абмеркаваны на пасяджэнні СМЗС СНД 24 кастрычніка — напярэдадні пасяджэнні СКД: аб праграмах сумесных мер барацьбы са злачыннасцю, у барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму, з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, у барацьбе з гандлем людзьмі на 2014—2018 гады; пра адзіныя юбілейныя ўзнагароды, заснаваныя да 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў; пра пагадненне аб статусе Эканамічнага суда СНД. Па прапанове Савета па гуманітарным супрацоўніцтве ў праект парадку дня ўключанае пытанне пра рэалізацыю ў 2014 годзе міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў Казахстане і Кыргызстане.

Мяркуецца, што прэзідэнтам будзе прадстаўленая інфармацыя пра дзейнасць МПА СНД па рэалізацыі рашэнняў вышэйшых статутных органаў Садружнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 11 жніўня 2013

 
Дата публикации:11.08.2013
Тематика:Новости, Экономика
Просмотров:1479
 
Ключевые слова:
Содружество независимых государств Безопасность Туризм 70-лет Победы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме