https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Краіны Балтыі адрэагавалі на намер Беларусі пераарыентаваць пастаўку сваіх грузаў на порты Ленінградскай вобласці РФ


Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра намер Беларусі пераарыентаваць перавалку сваіх грузаў з партоў краін Балтыі на парты Ленінградскай вобласці Расіі не варта пераацэньваць, лічыць міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт.
"Мяне гэта не турбуе — гэта справа партоў. Калі паглядзець больш уважліва, то можна ўбачыць, як мяняюцца партнёры і аб`ёмы грузаў, таму я не лічу, што мы павінны пераацэньваць гэтае пытанне", — сказаў Паэт падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі, што прайшла 9 лістапада ў Вільнюсе.

Як паведамляе партал Delfi, удзельнікі сустрэчы выказалі надзею, што рашэнне Беларусі выкліканае эканамічнымі, а не палітычнымі прычынамі.

Тым часам міністр камунікацый і транспарту Літвы Элігіюс Масюліс заявіў агенцтву BNS: дзейныя кантракты літоўскіх кампаній з беларускімі прадпрыемствамі аб перавозках грузаў па чыгунцы цераз Літву і іх пагрузках у Клайпедскім порце павінны быць рэалізаваны.

Масюліс адзначыў, што заява Лукашэнкі "не такая ўжо нечаканая". Апошнім часам, паводле яго слоў, "было ўсё больш сведчанняў аб тым, што ўплыў Расіі на асноўныя беларускія прадпрыемствы, якія экспартуюць сваю прадукцыю цераз балтыйскія парты, расце". "Расія выставіла пэўныя ўмовы ў абмен на дапамогу Беларусі, і Беларусі няма куды падзецца", — лічыць літоўскі міністр.

"Відавочна, што палітычная заява будзе мець пэўныя наступствы, але я думаю, што ў доўгатэрміновай перспектыве ўсё ж з прычыны недастаткова развітай інфраструктуры, прынамсі пакуль, Санкт-Пецярбургскі порт і новыя парты, што будуюцца ў гэтым рэгіёне, не будуць гатовыя да дадатковага абслугоўвання вельмі вялікага аб`ёму грузаў", — сказаў Масюліс.

"Эканамічны фактар — кошт, хуткасць і якасць перавозкі грузаў — на нашым баку", — лічыць літоўскі міністр.

Ён таксама дадаў, што пагрузкі ў Клайпедскім порце разнастайныя, таму скарачэнне патоку беларускіх грузаў не стане такім ужо балючым, як, напрыклад, для партоў Латвіі.

Латвія, нагадаем, заявіла пра гатоўнасць стварыць беларускім партнёрам спрыяльныя ўмовы для працы ў сваіх партах.

8 лістапада ў Рызе на сустрэчы з паслом Беларусі міністр транспарту Латвіі Айвіс Роніс пацвердзіў гатоўнасць прапанаваць беларускаму боку пэўныя варыянты набыцця або арэнды інфраструктурных партовых аб`ектаў.

Падчас сустрэчы разглядаліся пытанні супрацоўніцтва ў сферы транспарту і лагістыкі, пашырэння транзіту беларускіх грузаў цераз латвійскія парты. "Бакі выказалі задаволенасць станоўчай дынамікай росту паказчыкаў у сферы гандлю і транспартных паслуг, адзначылі ўзаемавыгаднасць далейшага развіцця памежнай і чыгуначнай інфраструктуры на беларуска-латвійскім кірунку", — паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.

Латвійскі бок таксама пацвердзіў сваю гатоўнасць удзельнічаць у інвестыцыйных праектах па павелічэнні прапускной здольнасці чыгункі ў абодвух напрамках.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 9 лістапада ў Мінску з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам паведаміў: пытанне аб пераарыентацыі беларускіх грузаў на расійскія парты абмяркоўвалася на яго апошняй сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Мы прынялі прынцыповае рашэнне аб пераарыентацыі вялікіх аб`ёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаенняў, з партоў балтыйскіх дзяржаў на вашы парты. Нам трэба вельмі сур`ёзна прапрацаваць гэтую тэматыку. Прэзідэнт Расіі адназначна падтрымаў гэтую ініцыятыву. Нам трэба дамовіцца з чыгуначнікамі Беларусі і Расіі і хутчэй рэалізаваць гэтыя дамоўленасці", — сказаў Лукашэнка.

У красавіку гэтага года беларускі кіраўнік ужо заяўляў пра магчымасць пераарыентацыі грузаў з партоў Балтыі на Расію. У прыватнасці, гаворачы пра "бесперспектыўнасць санкцый Еўрасаюза" ў дачыненні да Беларусі, ён падкрэсліў: "Я не кажу пра тыя буйныя эканамічныя страты, якія зведаюць парты Балтыі. Не ўтойваю: мы вядзем перамовы з Расіяй, каб яны панізілі чыгуначныя тарыфы, з тым каб мы загрузілі іх парты на Балтыцы, яны былі б рады бачыць мільёны тон нашых грузаў. Калі мы не патрэбныя ў краінах ЕС, то мы будзем шукаць сваё шчасце далей".

БелаПАН
Мінск, 10 лістапада 2012
 
Дата публикации:10.11.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1774
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Балтия Санкции Транспорт Беларусь-Россия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме