https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіраўнік Нацбанка: Беларусь можа абысціся без крэдыту МВФ


Беларусь зацікаўлена ў атрыманні новага крэдыту МВФ, але можа абысціся і без яго. Такую заяву зрабіла 7 сакавіка ў інтэрв`ю старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова.
Нагадаем, з 22 лютага па 6 сакавіка ў Мінску працавала місія МВФ на чале з Крысам Джарвісам. На брыфінгу 5 сакавіка кіраўнік місіі даў зразумець, што найбліжэйшым часам новы крэдыт МВФ Беларусь наўрад ці атрымае.

МВФ, сказаў Джарвіс, павінен быць упэўнены, што "людзі і структуры, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў на самым высокім узроўні, падтрымліваюць прапанаваныя меры эканамічнай палітыкі". "Нам таксама будзе неабходная ўпэўненасць у тым, што новая праграма будзе падтрыманая краінамі — членамі МВФ", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Ермаковой, "прадстаўнікі МВФ, якія былі тут, не хаваюць, што ў большай ступені маюць уплыў палітычная сітуацыя і палітычныя пытанні, згода краін — удзельніц МВФ працаваць з Беларуссю па новай праграме". "Гэта, напэўна, самае галоўнае пытанне", — дадала яна.

Што да эканамічных рэкамендацый МВФ, то кіраўнік Нацбанка пракаментавала іх наступным чынам: "Высновы, якія яны зрабілі наконт таго, што трэба затармазіць рост рэальнай заработнай платы і, магчыма, нават яе знізіць, напэўна, не ўкладваюцца ў нармальнае разуменне. Як можна рэкамендаваць пагоршыць жыццё насельніцтва? Заработная плата ў нас для бюджэтнікаў запланавана ў расходнай частцы бюджэту. Не выплаціць яе — значыць, зрабіць штучны прафіцыт бюджэту. Навошта гэта рабіць? Тым больш што людзі ж зарплату павінны атрымаць. Калі ўзяць заработную плату на вытворчых прадпрыемствах, то там не змогуць яе выплаціць у большым памеры, чым атрымана сродкаў за кошт выручкі. Навошта іх прымушаць ці неяк стымуляваць да таго, каб яны не атрымлівалі выручку? Гэта таксама зусім няправільна".

Як сцвярджае Ермакова, "структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы ідуць". "Можа быць, павольнымі тэмпамі, але яны ў нас ідуць, — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка. — Але адразу раптам у адно імгненне зрабіць пераўтварэнні гэта таксама нерэальна. Спачатку ўсё трэба прадумаць, а потым ужо рабіць. "Дарожная карта" ў нас ёсць, але яна не тая, якую Міжнароднаму валютнаму фонду хацелася б бачыць".

Ермакова нагадала, што Беларусь разлічвала атрымаць ад МВФ 3,5 млрд. долараў для рэфінансавання старога доўгу перад фондам (у 2009 — 2010 гадах МВФ выдзеліў Беларусі крэдыт у памеры 3,46 млрд. долараў. — БелаПАН.)

"Мы абыдземся і без іх, — рэзюмавала кіраўнік Нацбанка. — Але нам трэба зарабіць тыя грошы, якія мы павінны вярнуць МВФ. Ёсць іншае пытанне, можа быць, нават больш сур`ёзнае, — гэта імідж краіны. Калі з табой працуе міжнародны фінансавы інстытут, то ты маеш большы імідж. Але, я думаю, прыйдуць іншыя інстытуты: Сусветны банк з намі працуе, ЕБРР".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 7 сакавіка 2012
 
Дата публикации:07.03.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2629
 
Ключевые слова:
Кредиты Финансы Международный валютный фонд Беларусь-МВФ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме