"Урад Расейскай Фэдэрацыі непакояць захады адміністрацыі Беларусі па стрымліваньні або абмежаваньні сродкаў масавай інфармацыі з Расеі", - заявіў ён.
Ён падкрэсьліў, што ўрад РФ ня можа пакінуць па-за ўвагай такія выпадкі, калі яны адбываюцца, паведамляе інфармацыйнае агенства РИА Новости.
"Тады мы бачым памяншэньне галоснасьці, непаважлівыя ці несяброўскія крокі ў дачыненьні да расейскіх СМІ. На жаль, мы павінны будзем прымаць гэта пад увагу пры прадастаўленьні чарговых крэдытаў - калі ў бліжэйшыя месяцы паўторацца такога роду меры абмежавальнага характару, то мы, вядома, пакідаем за сабой права прыняць меры па абмежаваньні крэдытнай падтрымкі Беларусі ", - сказаў Аляксей Кудрын.
27 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра магчымасьці спыненьня працы ў Беларусі шэрагу замежных СМІ, найперш расейскіх.
Напачатку чэрвеня ананімная крамлёўская крыніца заявіла Інтэрфаксу: "На тэрыторыі Беларусі распачатыя чарговыя абмежавальныя захады ў дачыненьні да расейскіх сродкаў масавай інфармацыі… Такое рашэньне беларускіх уладаў, безумоўна, як раней і папярэджвалі, ўскладніць крэдытаваньне Беларусі з боку Расеі".
У адказ на гэта кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Макей назваў «абсалютным трызьненьнем» паведамленьні расейскіх СМІ пра нібыта уведзеных у дачыненьні да іх абмежаваньнях з боку беларускіх уладаў.
Цяпер папярэджаньні крамлёўскага ананіма паўтарыў міністар фінансаў Расеі.
16 чэрвеня 2011
Радыё Свабода