https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Для атрымання крэдыту ад Расіі Беларусь павінна распрацаваць план рэфармавання эканомікі


На працягу 10-12 дзён Беларусь павінна распрацаваць канкрэтныя дзеянні па рэфармаванні эканомікі, каб пачаць перамовы з Расіяй аб атрыманні крэдыту, паведаміў 25 сакавіка журналістам у Мінску пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў.
Паводле яго слоў, адпаведная дамоўленасць была дасягнута падчас нядаўняга візіту беларускай дэлегацыі на чале з міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом у Маскву, дзе адбыліся перамовы з віцэ-прэм`ерам — кіраўніком расійскага Мінфіна Аляксеем Кудрыным.

"Бакі абмеркавалі агульныя пазіцыі па прадастаўленні крэдытаў і канкрэтныя дзеянні беларускага боку, звязаныя з магчымым рэфармаваннем эканомікі, у тым ліку скарачэннем расходаў у бюджэтнай сферы, дзяржпраграм, стабілізацыі грашова-фінансавай сістэмы", — сказаў пасол.

Паводле слоў Сурыкава, пасля таго, як беларускі бок падасць план дзеянняў, пачнецца "канкрэтная размова". "Наколькі мне вядома, беларускі бок задаволены вынікамі першай сустрэчы з Кудрыным", — удакладніў расійскі пасол.

Перамовы беларускай урадавай дэлегацыі з Расіяй па пытаннях крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі адбыліся 22 сакавіка ў Маскве.

Паводле інфармацыі расійскага Мінфіна, бакі дасягнулі дамоўленасці аб парадку далейшай працы па прадстаўленні Беларусі гэтак званага "крэдыту бюджэтнай падтрымкі", а таксама крэдыту на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Адбыўся папярэдні абмен думкамі аб параметрах згаданых крэдытаў.

На мінулым тыдні Кудрын паведаміў, што ўлады Беларусі звярнуліся ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС і да ўрада Расіі з просьбай аб выдзяленні крэдытаў на 2 млрд. і 1 млрд. долараў адпаведна.

Разам з тым расійскі міністр сказаў, што для атрымання згаданых сродкаў Беларусь павінна будзе выканаць пэўныя ўмовы, звязаныя са структурнымі рэформамі, і гэтыя патрабаванні могуць быць блізкія да ўмоў МВФ. Апрача таго, ставіцца пытанне аб адмене валютных абмежаванняў на закупку імпарту, якія звужаюць магчымасці беларускага бізнесу.

Пры гэтым Кудрын не змог адказаць, у якія тэрміны завершыцца працэс па выдзяленні крэдытаў.

Разам з тым, кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч 17 сакавіка па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку заявіў: "У нас ёсць усе шанцы, каб у красавіку—маі выйсці на вырашэнне пытанняў па прыцягненні гэтых крэдытаў". Беларусь, зазначыў ён, разлічвае прыцягнуць гэтыя сродкі ў першым паўгоддзі.

Апрача крэдыту ў памеры 1 млрд. долараў Беларусь вядзе перамовы з Расіяй аб выдзяленні крэдыту на будаўніцтва АЭС. Разам з інфраструктурай яе будаўніцтва беларускім бокам ацэньваецца ў 9 млрд. долараў.

18 студзеня на нарадзе па пытаннях развіцця эканомікі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь не будзе ажыццяўляць дарагія знешнія запазычанні. "Жыць трэба па сродках. Ніякіх друкаванняў грошай, запазычанняў. Хопіць. Таму ніякіх знешніх запазычанняў пад вялікія працэнты быць не павінна. З гэтым трэба развітацца. Гэта правільны падыход, ён не падлягае якой-небудзь спрэчцы", — падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 25 сакавіка 2011 
 
Дата публикации:25.03.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:3542
 
Ключевые слова:
Финансы Кредиты Валюта Россия-Беларусь Союзное государство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме