https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


ЗША ў чарговы раз працягнулі рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да двух прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім"


Міністэрства фінансаў ЗША 30 лістапада ў чарговы раз працягнула рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім" — ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно".
Дзеянне санкцый прыпыненае да 31 мая 2011 года. У згаданы перыяд амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі, паведамляе афіцыйны сайт Мінфіна.

Разам з тым уласнасць ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" на тэрыторыі ЗША застаецца заблакіраванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. Грамадзянам ЗША забаронена праз або пры пасрэдніцтве гэтых двух прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб`ектаў гаспадарання, унесеных у спіс (маецца на ўвазе спіс прадпрыемстваў "Белнафтахіма", у адносінах да якіх санкцыі дзейнічаюць зараз).

Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў адносінах да канцэрна "Белнафтахім" і прадпрыемстваў, што ўваходзяць у яго, застаюцца ў сіле.

Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў адносінах да канцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той момант — апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных), ЗША ўвялі санкцыі ў адносінах да ўсіх прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад "Белнафтахіма". Мінск і Вашынгтон адклікалі сваіх паслоў для кансультацый. Да сённяшняга дня штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

5 верасня 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі ў адносінах да двух ААТ — "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было працягнутае да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года.

Амерыканскія ўлады заяўляюць, што не маюць намеру ў хуткім часе мяняць палітыку ў адносінах з Беларуссю. "Нашы фінансавыя і візавыя санкцыі ў адносінах да Беларусі захоўваюцца ў сіле, таму што ў краіне не назіраецца прагрэсу ў сферы дэмакратычных правоў чалавека", — заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэніэл Расел 17 лістапада 2010 года журналістам у Мінску.

"Пакуль мы не ўбачылі зменаў унутры краіны, якія прывялі б да змянення нашай палітыкі ў адносінах да Беларусі", — падкрэсліў прадстаўнік дзяржсакратара ЗША.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 снежня 2010

 
Дата публикации:01.12.2010
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:5666
 
Ключевые слова:
Права человека Международные санкции Козулин Дипломатия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме