https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Паступленні ў бюджэт ад мыта на нафтапрадукты знізяцца на траціну


У 2019 годзе даходы бюджэту Беларусі ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты могуць знізіцца на траціну ў параўнанні з 2018 годам. Такую ацэнку заклала Міністэрства фінансаў у бюджэт на гэты год.
Варта заўважыць, што вывазныя мытныя пошліны фармуюць амаль 60% падатковых даходаў бюджэту ад знешнеэканамічнай дзейнасці, якія цалкам залічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт. Пры гэтым ўнёсак падатковых даходаў ад ЗЭД у сукупныя паступленні рэспубліканскага бюджэту складае прыблізна 20%.

Чакаецца, што у 2019 годзе ў сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці скароцяцца на 13,4% (у параўнанні з 2018-м) да 4,36 млрд рублёў.

Прычына адмоўнай дынамікі — змяншэнне вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія залічваюцца ў бюджэт.

Паводле ацэнак уладаў, паступленні ў бюджэт ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць у 2019 годзе 1,39 млрд рублёў (на 31,3% менш у параўнанні з чаканым узроўнем 2018 года). Акрамя гэтага, вывазныя мытныя пошліны на нафту, якую Беларусь на сваёй тэрыторыі здабывае і экспартуе, прынясуць у бюджэт у 2019 годзе 316,5 млн рублёў (на 22,1% менш у параўнанні з 2018-м).

Мінфін падлічыў, што адмоўная дынаміка паступленняў па гэтых артыкулах звязаная ў асноўным з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. Згодна з ацэнкай уладаў, страты бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты (з-за падатковага манеўру) складуць у 2019 годзе 513,1 млн рублёў.

Акрамя гэтага, для частковай кампенсацыі нафтаперапрацоўчым заводам росту цаны на нафту ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру ў бюджэце на 2019 год зніжаныя на 25% акцызы на аўтамабільнае паліва. Страты даходнай часткі бюджэту з-за гэтага ацэньваюцца ў 170,7 млн рублёў.

Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе па эканамічных пытаннях даручыў ураду "не гіпербалізаваць праблемы, звязаныя са стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расіі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты".

На думку экспертаў, у тым выпадку, калі Беларусі давядзецца шукаць унутраныя крыніцы для кампенсацыі страт у сувязі з падатковым манеўрам, можа паўстаць пытанне аб скарачэнні падатковых ільгот альбо павышэнні ставак падаткаў.

"У сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру, магчыма, давядзецца зразаць расходы. У доўгатэрміновай перспектыве, калі мы не атрымаем кампенсацыю з боку Расіі і істотна не скароцім падатковыя льготы, магчыма, спатрэбіцца павышаць падаткі для захавання збалансаванасці бюджэту", — мяркуе акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Акрамя гэтага, эксперты чакаюць, што з-за ўплыву падатковага манеўру можа быць скарочаная падтрымка дзяржпрадпрыемствам.

"Калі Беларусі давядзецца вырашаць бюджэтныя праблемы самастойна, і кампенсацыі з боку Расіі за падатковы манеўр у поўным аб`ёме не будзе, то наўрад ці дзяржава будзе рэзаць сацыяльную сферу. Расходы на ахову здароўя і адукацыю ў нас і так невялікія. Можна і трэба казаць аб скарачэнні бюджэтных расходаў за кошт змяншэння дзяржпадтрымкі для рэальнага сектара", — мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Сукупныя страты з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі беларускія ўлады ў 2019—2024 гадах ацэньваюць ў 10,5 млрд долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 11 студзеня 2019 
 
Дата публикации:11.01.2019
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:371
 
Ключевые слова:
Налоговый маневр Нефтепереработка Бюджет Соцзащита в Беларуси Господдержка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме