Еўрасаюз пацвердзіў свой намер падаць яшчэ больш тэхнічнай дапамогі Дзяржатамнагляду, калі беларускаму рэгулятару гэта будзе неабходна.
"Мы падтрымліваем ужо працу двух экспертаў, якія дапамагаюць рэгулятару, і гатовыя павялічыць аб`ёмы тэхпадтрымкі, — сказаў ён. — Канкрэтная дапамога залежыць ад патрэб рэгулятара. Калі яму неабходная тэхнічная дапамога, каб праводзіць стрэс-тэсты, мы гатовыя яе аказаць".
Як заявіў Томас, 19 верасня эксперты з ліку ўдзельнікаў дэлегацыі Еўракамісіі, якая прыбыла ў Беларусь з двухдзённым візітам, патлумачылі мясцовым спецыялістам, як праводзяцца стрэс-тэсты ў ЕС, а таксама як яны былі арганізаваныя ў Швейцарыі, Арменіі і на Тайвані.
"Цяпер мы чакаем, што беларускі рэгулятар і Міністэрства энергетыкі зноў звяжуацца з намі і паведамяць пра графік правядзення работ", — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі.
Кіраўнік Дзяржатамнагляда Вольга Лугаўская падзякавала еўрапейскім калегам за візіт. "Яны вельмі падрабязна і паслядоўна патлумачылі нам працэдуры правядзення стрэс-тэстаў у ЕС. Мы атрымалі велізарную колькасць інфармацыі, задалі ўсе пытанні. Вядома ж, мы гатовыя прымаць дапамогу ЕС. Мы зараз вельмі актыўна працуем з еўрапейскімі калегамі. У нас выконваюцца праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі па лініі ЕС. Любая дапамога з боку вопытных калег, безумоўна, карысная", — сказала Лугаўская.
Асноўнай тэмай візіту дэлегацыі ЕК з`яўляецца ацэнка рызыкі і бяспекі атамнай станцыі, што будуецца ў Беларусі, — стрэс-тэсты. Стрэс-тэставанне на АЭС пачалі праводзіць пасля аварыі на японскай атамнай электрастанцыі Фукусіма-1 у сакавіку 2011 года. 23 чэрвеня 2011 года Беларусь далучылася да дэкларацыі аб усёабдымнай ацэнцы рызык АЭС, такім чынам, пагадзіўшыся правесці стрэс-тэсты для атамнай станцыі з улікам патрабаванняў, распрацаваных еўрапейскай групай рэгулятараў ядзерных аб`ектаў. Дзяржатамнагляд распрацаваў дакумент, у якім фактычна паўтараюцца патрабаванні, што выстаўляюцца да правядзення стрэс-тэстаў у краінах ЕС.
14 верасня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што стрэс-тэсты Беларускай АЭС будуць праведзеныя сёлета ў снежні. "Тыя абавязацельствы, якія на сябе прыняла Беларусь па добраахвотным правядзенні стрэс-тэстаў, мы выконваем. Заключаны кантракт з расійскай арганізацыяй на правядзенне такіх стрэс-тэстаў. Згодна з заключаным кантрактам яны павінны быць праведзеныя ў снежні бягучага года. Расійскім бокам разглядаецца пытанне прыцягнення замежных экспертаў для выканання гэтай працы", — сказаў чыноўнік.
Ён растлумачыў, што на аснове вынікаў тэставання будзе падрыхтаваны нацыянальны даклад, які ў выніку перададуць у Еўракамісію.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Астравец, 20 верасня 2016
Астравец, 20 верасня 2016