"Краіны — кандыдаты на ўступленне ў ЕС — Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, патэнцыйны кандыдат Боснія і Герцагавіна, а таксама Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія далучаюцца да рашэння Савета ЕС. ЕС прымае да ведама і вітае гэтую прыхільнасць", — цытуе ТАСС заяву кіраўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыкі Магерыні.
Згодна з паведамленнем інфармагенцтва, заява была распаўсюджаная 15 красавіка ў Бруселі, але пакуль афіцыйна не апублікаваная.
Да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі восем названых краін далучыліся ў 2012 годзе.
15 лютага гэтага года Савет міністраў замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў Бруселі не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 беларускіх фізічных асоб і трох кампаній. У афіцыйным паведамленні адзначалася, што савет цэніць крокі, зробленыя Мінскам за апошнія два гады для паляпшэння адносінаў з ЕС (актыўны ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве і прамежкавай фазе "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі", аднаўленне дыялогу па правах чалавека, пачатак перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве па механізме ранняга папярэджання ў энергетычнай галіне), а таксама цэніць "канструктыўную ролю Беларусі ў рэгіёне".
Разам з тым, ЕС па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і зноў нагадвае, што "адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульных каштоўнасцях, асабліва гэта тычыцца павагі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону", падкрэслівалася ў паведамленні.
Пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый на сённяшні дзень застаюцца чацвёра грамадзян, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС). ЕС таксама захаваў эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 15 красавіка 2016
Мінск, 15 красавіка 2016