Беларусь атрымала першую партыю расійскага збожжа, аб гэтым паведаміў у чацвер віцэ-прэм`ер Леанід Заяц па выніках сустрэчы з прэзідэнтам рэспублікі Аляксандрам Лукашэнкам.
Беларусь плануе закупіць у Расіі сёлета паўмільёны тон збожжа.
"Першыя 150 тысяч тон – Віцебская вобласць заключыла (дагавор) з кампаніяй з Расійскай Федэрацыі, збожжа зараз адпраўляецца на віцебскія элеватары", - цытуе БелТА словы віцэ-прэм`ера.
Заяц адзначыў, што пастаўкі расійскага збожжа ў рэспубліку працягнуцца да жніўня-лістапада, бо гэта няхуткі працэс.
Купля збожжа ў Расіі
Кіраўнік дзяржавы агучыў планы закупіць збожжа ў Расіі 11 ліпеня падчас візіту ў Аршанскі раён. Службовыя асобы, адказныя за АПК, дакладвалі прэзідэнту, што дзяржзаказ па збожжу будзе выкананы, але для паспяховай работы жывёлагадоўчага комплексу было вырашана дадаткова закупіць збожжа ў Расіі.
Пазней, падчас селектарнай нарады па пытаннях уборачнай, Лукашэнка адзначыў, што ёсць верагоднасць атрымаць недабор па асобных збожжавых культурах, таму калі ёсць магчымасць купіць збожжа па добрай цане, то яго неабходна купіць.