14 студзеня адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Валянціна Рыбакова з дэлегацыяй Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) на чале з кіраўніком-дырэктарам па краінах Усходняй Еўропы і Каўказа Франсісам Маліжам.
Падчас размовы Рыбакоў "выказаў задавальненне якасна новым узроўнем ўзаемадзеяння Беларусі і банка за апошнія гады і зацікаўленасць беларускага боку ў працягу канструктыўнага супрацоўніцтва".
Бакі "прадметна разгледзелі далейшыя крокі па паглыбленні ўзаемадзеяння", абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі новай стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2016—2019 гады.
Франсіс Маліж у сваю чаргу "пацвердзіў гатоўнасць банка да далейшага павелічэння колькасці праектаў у Рэспубліцы Беларусь".
Аб магчымасці павелічэння з боку ЕБРР колькасці фінансаваных праектаў у дзяржсектары Беларусі Маліж заявіў 14 студзеня на сустрэчы з першым віцэ-прэм`ерам Васілём Мацюшэўскім пры абмеркаванні новай краінавай стратэгіі.
Стратэгія ЕБРР на 2013—2015 гады не прадугледжвае фінансаванне беларускага дзяржсектара.
Новая краінавая стратэгія рыхтавалася на працягу 2015 года, а яе зацвярджэнне чакаецца ў другім квартале 2016 года. Краінавая стратэгія мае некалькі складнікаў: ацэнка палітычнай і эканамічнай сітуацыі, аналіз тых сектараў, якім банк можа быць карысны.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 14 студзеня 2016
Мінск, 14 студзеня 2016