Згодна з дакументам, Беларусь атрымае 24 млн. тон расійскай нафты, што на 1 млн. тон больш, чым у 2015 годзе.
"Пастаўкі ў адказ у Расію складуць 1 млн. тон беларускага бензіну", — зазначыла прадстаўнік "Белнафтахіма".
Пра цану паставак не паведамляецца.
Аднак падставы для абмеркавання цаны на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, ёсць, заявіў віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка 26 лістапада ў гутарцы з карэспандэнтам дзяржаўнага агенцтва БелТА. "Цэны рэзка ўпалі. Ёсць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створана рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі "Лукойла", "Сургутнефцегаза", "Газпромнефці" і "Раснефці" і, вядома, нашага "Белнафтахіма", — сказаў ён, каментуючы інфармацыю ў СМІ аб тым, што беларускі бок прапануе расійскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, што пастаўляецца.
Пры гэтым віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што ўся нафта будзе пастаўляцца трубаправодным транспартам.
Раней у расійскіх СМІ з`явілася інфармацыя, што канцэрн "Белнафтахім" прапанаваў расійскім кампаніям, якія пастаўляюць нафту ў Беларусь, перагледзець формулу цаны. Гаворка ідзе пра павелічэнне дысконту яшчэ як мінімум на 5 долараў за тону.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 снежня 2015
Мінск, 18 снежня 2015