Аб гэтым паведаміў журналістам на брыфінгу кіраўнік дэлегацыі ЕС Гунар Віганд, дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Паводле яго слоў, у парадку дня абазначаны сем тэматычных кірункаў, па якіх будзе весціся праца: прыватызацыя, гандаль і інвестыцыі, навакольнае асяроддзе, энергетыка, транспарт, сацыяльнае развіццё, правы чалавека. Па гэтых кірунках, сказаў Віганд, вызначаны адзінаццаць прыярытэтных дзеянняў, якія будуць ажыццяўляцца ў першую чаргу. Якія канкрэтна будуць дзеянні, еўрачыноўнік не ўдакладніў.
Віганд таксама нагадаў, што 7—9 снежня ў Мінску працавала місія экспертаў на чале з начальнікам аддзела Усходняга суседства генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Мацье Буске, якія былі заняты "вызначэннем прыярытэтных кірункаў супрацоўніцтва на 2016 год". Удзельнікі гэтай місіі, сказаў ён, вызначылі наступныя прыярытэтныя кірункі: "рэгіянальнае развіццё, малы і сярэдні бізнес, мабільнасць і міграцыя, тэхнічная дапамога ў вырашэнні эканамічных пытанняў і задач".
"Мы падвоім аб`ём фінансавай дапамогі на наступны год, які будзе накіраваны на шэраг праграм, мэта якіх дапамагчы Беларусі атрымаць дадатковую канкурэнтаздольнасць і новыя магчымасці ў развіцці эканомікі і ў рэгіянальным развіцці", — сказаў Віганд.
Паводле яго слоў, на сустрэчы ў МЗС бакі таксама абмеркавалі магчымасць "садзеяння па ўваходжанні Беларусі ў СГА і дадатковым крэдытаванні Беларусі з боку міжнародных інстытутаў, у тым ліку Еўрапейскага інвестыцыйнага банка". Гэтыя ж пытанні будуць разгледжаны 10 снежня на сустрэчы дэлегацыі з прадстаўнікамі Міністэрства эканомікі і Адміністрацыі прэзідэнта.
"Гэтыя крокі накіраваныя на тое, каб нашы адносіны зрабіліся больш інтэнсіўнымі, — падкрэсліў еўрачыноўнік. — Яны звязаны ў тым ліку з тымі падзеямі, якія адбыліся ў Беларусі сёлета, з тым, што былі вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя, і з тым, што абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі прыпынены".
Віганд заявіў, што далейшыя крокі ЕС у дачыненні да Беларусі "будуць звязаны з вынікам перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН", а таксама з вынікам чаканай ў студзені наступнага года "канчатковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ, якая назірала за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі".
Ён падкрэсліў, што Еўрасаюз у сваю чаргу чакае "далейшых канкрэтных крокаў з боку Беларусі", у прыватнасці "прадугледжаны шэраг крокаў у сферы эканомікі, сацыяльнай сферы". "Вы іх самі ўбачыце, калі парадак дня стане публічным. Многія пункты ўтрымліваюцца ў дарожнай карце, складзенай прадстаўнікамі Сусветнага банка", — патлумачыў чыноўнік ЕС.
"Мы таксама разумеем, што ёсць шэраг палітычных крокаў, якія, мы спадзяемся, улады зробяць. Да прыкладу, яны тычацца ўнясення паправак у выбарчае заканадаўства, спрашчэння ўмоў дзейнасці палітычных партый і няўрадавых арганізацый, увядзення мараторыя на смяротную кару", — падсумаваў Віганд.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 9 снежня 2015
Мінск, 9 снежня 2015