Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў кіраўніку дзяржавы аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту ў Магілёўскай вобласці за студзень-май склаў 98,6 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.
"Тры правалы ў цябе па вобласці. Самае дзіўнае, у цябе ж і прамысловасць правальваецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як удакладніў Анатоль Ісачанка, выйсці на запланаваныя паказчыкі па ВРП не могуць з-за дрэнных вынікаў у прамысловасці, рознічным і аптовым тавараабароце. Што датычыцца прамысловасці, пытанні ёсць па двух напрамках - дрэваапрацоўцы і вытворчасці цэменту. Да канца года іх разлічваюць вырашыць, зрухі ўжо ёсць.
Прэзідэнт пацікавіўся тэмпамі будаўніцтва жылля, як вырашаюцца праблемныя пытанні на буйнейшых прадпрыемствах вобласці і як рэалізуюцца ў рэгіёне інвестыцыйныя праекты. "Пытанне не ў тым, каб заняць людзей. У нас з гэтым праблем амаль няма. Пытанне ў тым, каб кожны раён зарабляў сабе грошы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І гэты праект, які яны там ствараюць, не проста стварыў - даў справаздачу".
"У кожным раёне свой праект. Праекты рознай накіраванасці. Яны літаральна ўсе ў рабоце", - адказаў губернатар. У якасці прыкладу ён прывёў развядзенне радужнай фарэлі на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. Штомесяц прадпрыемства атрымлівае 20 т рыбы, прадукцыя карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гандлёвых сетках.
Гэту ж тэму Аляксандр Лукашэнка закрануў і ў час сустрэчы з працоўным калектывам "Магілёўліфтмаша", калі размова зайшла аб занятасці і мэтазгоднасці будаўніцтва новых вытворчасцей у вобласці. "Вы ж ведаеце мой "жудасны" праект: у кожным раёне павінны на працягу бягучага года - максімум наступнага стварыць высокатэхналагічнае прадпрыемства. 21 раён (у Магілёўскай вобласці.) - 21 прадпрыемства. Створым, пачалі рухацца. Грашамі дапамагаем. Туды патрэбны людзі - і людзі з добрымі мазгамі. Таму нам патрэбны будуць людзі. Прадпрыемствы мы пабудуем, гэта не пытанне сёння ўжо", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы на "Магілёўліфтмашы" наведаў вытворчыя памяшканні. Тут размова ішла аб далейшых перспектывах, у тым ліку павелічэнні аб`ёмаў і спектра выпускаемай прадукцыі, задзейнічанні дадатковых тэрыторый.
Затым Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыю сучаснага ліфтавага абсталявання, якое вырабляюць на прадпрыемстве. Холдынг таксама выпускае электрарухавікі розных мадыфікацый, дрэваапрацоўчую, сельскагаспадарчую, бытавую тэхніку.
Адзін з акцэнтаў кіраўнік дзяржавы зрабіў на пытанні энергазберажэння. Ёсць у арсенале прадпрыемства, напрыклад, і ўстройства для абеззаражвання ліфтаў і памяшканняў, што асабліва актуальна па прычыне нядаўняй пандэміі.
"Магілёўліфтмаш" актыўна працуе над імпартазамяшчэннем. На прадпрыемстве рэалізуецца некалькі інвестыцыйных праектаў, аб чым таксама далажылі Прэзідэнту.
У першую чаргу гэта мадэрнізацыя вытворчасці скорасных ліфтаў і ліфтаў з безрэдуктарным прыводам. Такі механізм мае высокі каэфіцыент карыснага дзеяння, павышаную надзейнасць і даўгавечнасць, а ліфты рухаюцца практычна без шуму і вібрацыі.
На прадпрыемстве таксама ствараюць вытворчасці электрарухавікоў, цягавых рухавікоў для электратранспарту і выбуховаабароненых электрарухавікоў для прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці.
10 ліпеня 2023, Магілёў
БЕЛТА
10 ліпеня 2023, Магілёў
БЕЛТА