Кіраўнік фінансавага ведамства Нідэрляндаў Ерун Дэйсэльблюм, пад старшынёўствам якога праходзіла паседжаньне, заявіў, што ў далейшым удзельнікі перамоў будуць зыходзіць з новых прапаноў Атэнаў аб рэформах, якія былі прадстаўленыя ў канцы мінулага тыдня прэм’ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам.
На думку Дэйсэльблюма, ёсьць магчымасьць дасягнуць кансэнсусу ўжо на гэтым тыдні.
Пазьней у панядзелак адбудзецца экстраны саміт краін эўразоны па Грэцыі.
Да канца чэрвеня Атэны павінны выплаціць МВФ паўтара мільярда эўра ў якасьці абслугоўваньня асноўнага крэдыту, альбо краіне пагражае дэфолт.
Крызысная сытуацыя вакол Грэцыі абвастрылася ў сувязі зь нежаданьнем леварадыкальнага ўраду Цыпраса пайсьці на захады жорсткай эканоміі ў абмен на працяг міжнароднай фінансавай дапамогі.
Радыё Свабода, 22 чэрвеня 2015