Пад час працы Прэзідыума Савета Міністраў былі разгледжаны канцэптуальныя асновы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год, асноўныя напрамкі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на 2016 год і сярэднетэрміновай фінансавай праграмы на 2016-2018 гады, а таксама падыходы да фарміравання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год.
"Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2016 годзе павінна застацца зніжэнне інфляцыі. Стратэгічная задача ў сярэднетэрміновым перыядзе адназначная - менш за 10 працэнтаў значэнне індэкса спажывецкіх цэн. Гэта аснова ўстойлівага і збалансаванага развіцця эканомікі краіны. Другая задача - нарошчванне золатавалютных рэзерваў. На дасягненне гэтых дзвюх мэт павінны быць накіраваны ўсе інструменты манетарнай палітыкі з улікам цяперашніх знешніх і ўнутраных умоў", - падкрэсліў прэм`ер-міністр.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў і Нацыянальны банк падрыхтавалі і ўнеслі ва ўрад канцэптуальныя падыходы да фарміравання прагнозу бюджэтна-падатковай і крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год. "Сёння першы калегіяльны разгляд гэтага пакета дакументаў. Хачу звярнуць увагу, што ключавое патрабаванне да прагнозных дакументаў - збалансаванасць і ўзгодненасць паміж сабой, нацэленасць на вырашэнне стратэгічнай задачы - павышэнне якасці жыцця насельніцтва і рост яго дабрабыту", - падкрэсліў ён. Паводле слоў прэм`ер-міністра, рэалізацыя сістэмных мер дасць магчымасць, захаваўшы дасягнутую збалансаванасць, перайсці да эканамічнага росту. "Акрамя таго, цяпер важна правільна вызначыць зыходныя ўмовы, перш за ўсё знешнеэканамічныя, у якіх будзе развівацца наша эканоміка. Вопыт мінулых гадоў сведчыць, што задача гэта няпростая, сусветная эканоміка змяняецца вельмі хутка", - канстатаваў ён.
Гаворачы аб фінансаванні праектаў у 2016 годзе, Андрэй Кабякоў адзначыў, што трэба прапрацаваць крыніцы фінансавання, уключаючы крэдытныя рэсурсы КНР, аптымізаваць расходы і фінансаваць толькі першачарговыя праекты. "Важна адштурхоўвацца ад тых канцэптуальных асноў, якія мы для сябе вызначылі, - жыць па сродках і не нарошчваць знешні доўг", - падкрэсліў кіраўнік урада.
"Складаным пытаннем для рэальнага сектара эканомікі застаецца высокі кошт крэдытаў. У сувязі з гэтым Нацбанку неабходна прадоўжыць работу па стымуляванні банкаў у правядзенні ўзважанай дэпазітна-крэдытнай палітыкі і аказанні адэкватнай крэдытнай падтрымкі, але не на страту макраэканамічнай стабілізацыі", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Прэм`ер-міністр паведаміў, што работа над праектам канцэптуальных падыходаў да фарміравання прагнозу бюджэтна-падатковай і крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год павінна быць завершана ў ліпені. "Пры дапрацоўцы прагнозу мы павінны таксама завяршыць работу па дапрацоўцы дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, плана фінансавання дзяржпраграм, валютнага балансу і ўнесці іх у адным пакеце", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.
9 чэрвеня 2015, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА
9 чэрвеня 2015, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА