Па выніках кансультацый з уладамі Беларусі аб эканамічнай палітыцы, дырэктары МВФ у сваёй ацэнцы выказалі агульнае меркаванне аб тым, што глыбокія структурныя рэформы па-ранейшаму маюць прынцыповае значэнне для павышэння ролі рынку ў эканоміцы, павелічэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці і забеспячэння ўстойлівага росту, гаворыцца ў прэс-рэлізе фонду.
Паводле меркавання МВФ, праграма рэформ павінна ўключаць лібералізацыю цэн, меры для вываду тарыфаў на паслугі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі і транспарту на ўзровень поўнага пакрыцця затрат, захады, скіраваныя на паэтапную адмену абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў, і прыватызацыю ў сектары прадпрыемстваў і банкаўскім сектары.
Прызнаўшы нізкі ўзровень беднасці і няроўнасці даходаў у Беларусі, дырэктары фонду падкрэслілі, што для абароны найболей уразлівых слаёў неабходна ўзмацніць сістэмы сацыяльнай абароны, уключаючы страхаванне ад беспрацоўя.
Пры гэтым МВФ узяў пад увагу зацікаўленасць улад у новай праграме, што падтрымліваецца рэсурсамі фонду. Адзначыўшы выгады, якія праграма можа прынесці краіне, дырэктары фонду адзначаюць: любая будучая дамоўленасць запатрабуе цвёрдай прыхільнасці на самым высокім узроўні да рэалізацыі комплекснага пакета глыбокіх структурных рэформаў і паслядоўнай макраэканамічнай палітыкі. Яны спадзяюцца на працяг цеснага ўзаемадзеяння з уладамі па гэтых пытаннях.
Адзначыўшы высокі ўзровень уразлівасці Беларусі і складаныя перспектывы на найбліжэйшы перыяд, дырэктары МВФ заклікалі да рашучай пераарыентацыі эканамічнай палітыкі, каб спрыяць стабільнасці і ўстойліваму ўздыму эканомікі. Макраэканамічную палітыку трэба арыентаваць на памяншэнне знешніх дысбалансаў і зніжэнне ўзроўню інфляцыі, а для павышэння патэнцыялу росту эканомікі патрабуюцца структурныя рэформы.
МВФ вітаў зніжэнне росту мэтавага крэдытавання ў мінулым годзе. Новае крэдытаванне, падкрэслілі дырэктары, павінна дадаткова скараціцца сёлета і быць адменена ў сярэднетэрміновай перспектыве, каб палепшыць размеркаванне крэдыту, абмежаваць умоўныя абавязацельствы і спрыяць скарачэнню націску на ўнутраны попыт.
Рэкамендуецца таксама захаваць зэканомленыя сродкі ад адмены пошлін на нафту ў 2015 годзе, што павінна прывесці да невялікага станоўчага агульнага бюджэтнага сальда і дапамагчы змякчыць абмежаванні фінансавання.
Дырэктары МВФ заклікалі да стрымлівання павышэння зарплаты ў 2015 годзе пасля яе празмернага росту ў апошнія гады. Было адзначана, што стрымліванне росту зарплаты дапаможа абмежаваць попыт і замацаваць павышэнне канкурэнтаздольнасці ў выніку зніжэння курсу беларускага рубля. У сярэднетэрміновай перспектыве змяненні заработнай платы павінны блізка ісці за ростам прадукцыйнасці.
Кіраўніцтва МВФ вітае намер улад павышаць гнуткасць абменнага курсу і заклікае да далейшых захадаў для павышэння гнуткасці курсу для абароны рэзерваў, якія ўжо знаходзяцца на нізкім узроўні, а таксама для забеспячэння належнай карэкціроўкі ў нестабільных знешнеэканамічных умовах.
Дырэктары таксама рэкамендавалі Нацбанку ў поўным аб`ёме ўкараніць сістэму таргетавання грашовай масы, якая скіраваная на зніжэнне інфляцыі да адназначных велічынь.
МВФ таксама ўказвае на важнасць стараннага маніторынгу рызыкаў у банкаўскім сектары, адзначыўшы, што дыягнастычнае даследаванне дапаможа ацаніць уплыў нядаўніх шокаў на якасць актываў банкаў. "Любыя выяўленыя праблемы павінны пераадольвацца рашучым чынам, а праблемныя банкі варта рэкапіталізаваць ці ўрэгуляваць у кароткія тэрміны", — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.
У кіраўніцтве МВФ таксама лічаць, што за Банкам развіцця трэба весці належны нагляд, а Нацбанку неабходна як мага хутчэй ліквідаваць сваю долю ў банку "Масква-Мінск" "з прычыны канфлікту інтарэсаў, які ўзнікае ў сітуацыі, калі банк належыць органу нагляду".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 19 мая 2015
Мінск, 19 мая 2015