Згодна з ацэнкамі экспертаў Raiffeisen, прыведзенымі ў эканамічным аглядзе "Прыёрбанка" ("Прыёрбанк" уваходзіць у банкаўскую групу Raiffeisen Bank International), у 2015 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 2%, прамысловая вытворчасць — на 5%.
Намінальная заработная плата, мяркуюць аналітыкі, вырасце на 15%, беспрацоўе складзе 1%, дэфіцыт рахунку наяўных аперацый будзе на ўзроўні 5,9% ВУП, а золатавалютныя рэзервы паводле вынікаў 2015 года не зменяцца і складуць 5,1 млрд. долараў.
Цяперашні прагноз Raiffeisen адносна параметраў развіцця беларускай эканомікі перагледжаны ў бок пагаршэння. У пачатку года аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы чакалі, што прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасце на 1% у 2015 годзе, ВУП не знізіцца, а інфляцыя складзе 18%.
Варта зазначыць, што на мінулым тыдні свае прагнозныя ацэнкі развіцця беларускай эканомікі абнародаваў і Міжнародны валютны фонд. Згодна з імі, ВУП Беларусі сёлета знізіцца на 2,3%, інфляцыя складзе 22,1%, а дэфіцыт рахунку наяўных аперацый будзе на ўзроўні 7% ВУП.
"У Беларусі ў 2015 годзе, як чакаецца, будзе назірацца рэцэсія", — гаворыцца ў красавіцкім дакладзе МВФ "Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі". Паводле прагнозаў фонду, і ў наступным годзе эканамічнага росту ў Беларусі можа не быць — МВФ чакае ў 2016 годзе зніжэнне беларускага ВУП на 0,1%.
Каб "утаймаваць інфляцыю і зменшыць знешнія дысбалансы", міжнародныя эксперты рэкамендуюць уладам Беларусі спалучаць гнуткасць абменнага курсу з жорсткай макраэканамічнай палітыкай і глыбокімі структурнымі рэформамі.
За першы квартал 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 4,9%, а ВУП знізіўся на 2%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў, зацверджаны ў снежні мінулага года, прадугледжваў гадавы рост ВУП на 0,2—0,7% і зніжэнне інфляцыі да 12%. У студзені 2015 года, пасля дэвальвацыі рубля, Нацбанк перагледзеў прагноз інфляцыі ў бок павелічэння да 18—20%.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2015
Мінск, 20 красавіка 2015