Так, па стане на 5 сакавіка сярэдняя даходнасць па сямігадовых беларускіх еўрабондах, якія Беларусь размясціла ў 2011 годзе, складала на другасным рынку 17%. У той жа час сярэдняя даходнасць па пяцігадовых еўрабондах, размешчаных у 2010 годзе, складала каля 21%.
Даходнасць па еўрабондах лічыцца бенчмаркам (арыенцірам) для вызначэння кошту новых запазычанняў.
Члены беларускага ўрада раней заяўлялі пра планы па размяшчэнні новых выпускаў еўрааблігацый для прыцягнення валютных запазычанняў у 2015 годзе.
У прыватнасці, дзяржаўны Банк развіцця ў 2015 годзе планаваў выпусціць еўрааблігацыі на суму не менш як 500 млн. долараў. Акрамя таго, чакалася, што ў 2015 годзе беларускі ўрад размясціць чарговы выпуск еўрааблігацый на 1 млрд. долараў.
Разам з тым у снежні 2014 года на фоне абвастрэння сітуацыі на валютным рынку Беларусі даходнасць беларускіх еўрабондаў, якая адлюстроўвае прыкладны кошт новых запазычанняў, рэзка вырасла. З улікам гэтага эксперты прагназуюць, што найбліжэйшым часам урад не будзе ажыццяўляць размяшчэнне новых выпускаў еўрааблігацый.
Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заявіў 5 сакавіка журналістам, што Беларусь чакае зручнага моманту для размяшчэння новага выпуску еўрабондаў. Ён адзначыў, што тэхнічная магчымасць для гэтага існуе.
Пры гэтым першы намеснік міністра фінансаў даў зразумець, што па цяперашніх стаўках, якія захоўваюцца на другасным рынку, Беларусь размяшчаць чарговы выпуск аблігацый не гатовая.
Нагадаем, Беларусь у 2010 і 2011 гадах размясціла два выпускі еўрааблігацый — пяцігадовыя (па стаўцы 8,75% гадавых) і сямігадовыя (па стаўцы 8,95% гадавых) на агульную суму 1,8 млрд. долараў. Такія дзеянні беларускія ўлады разглядаюць як адзін з інструментаў прыцягнення запазычанняў на знешніх рынках.
Летам 2015 года Беларусь павінна пагасіць пяцігадовы выпуск еўрааблігацый. На пагашэнне і абслугоўванне еўрабондаў Беларусі сёлета неабходна накіраваць амаль 1,2 млрд. долараў. Усяго валютныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу ў 2015 годзе павінны скласці прыблізна 4 млрд. долараў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 6 сакавіка 2015
Мінск, 6 сакавіка 2015