https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Неспрыяльныя для сельгасвытворчасці рэгіёны Беларусі могуць прэтэндаваць на дзяржпадтрымку ў павышаных памерах


Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Як растлумачылі ў ведамстве, цяпер арганізацыі АПК рэспублікі аб`ектыўна знаходзяцца ў розных умовах гаспадарання, якія звязаны з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалагічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі. Усе гэтыя фактары не даюць магчымасці гаспадаркам забяспечваць аднолькавую даходнасць ад дзейнасці.

"Урадам прынята рашэнне, якім вызначаны крытэрыі, што ўплываюць на даходнасць сельгасвытворцаў, у залежнасці ад рэгіёна, на тэрыторыі якога арганізавана сельскагаспадарчая вытворчасць. Таму тыя рэгіёны, у якіх вядзенне сельгасвытворчасці з`яўляецца больш затратным (бедныя землі, больш кароткі вегетацыйны перыяд, моцныя маразы без наяўнасці снежнага покрыва зімой, ранішнія замаразкі вясной, заліўныя дажджы і засуха летам і г.д), могуць прэтэндаваць на атрыманне дзяржпадтрымкі ў павышаных памерах. Гэта робіцца ў мэтах выраўноўвання ўмоў гаспадарання і даходнасці", - адзначылі ў ведамстве, дадаўшы, што гэта агульнапрынятая міжнародная практыка.

У адпаведнасці з пагадненнем па сельскай гаспадарцы, прынятым у ЕАЭС і на аснове прынцыпаў СГА, неспрыяльны рэгіён павінен уяўляць сабой дакладна акрэсленую геаграфічную зону, мець пэўныя эканамічныя і адміністрацыйныя прыкметы і разглядацца як неспрыяльны на аснове нейтральных і аб`ектыўных крытэрыяў, якія дакладна выкладзены ў законе або нарматыўным акце і сведчаць, што цяжкасці гэтага рэгіёна выкліканы больш сур`ёзнымі прычынамі, чым проста часовыя абставіны.

У сувязі з гэтым урадам Беларусі была прынята пастанова нумар 1277 ад 31 снежня 2014 года, якой зацверджаны пералік раёнаў (рэгіёнаў), што адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі. У яго ўвайшлі 62 раёны. У прыватнасці, ад Мінскай гэта Бярэзінскі, Валожынскі, Крупскі, Лагойскі, Мядзельскі і Старадарожскі раёны. У Гродзенскай вобласці неспрыяльнымі для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі прызнаны Дзятлаўскі, Іўеўскі і Свіслацкі раёны. У Брэсцкай - Ганцавіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Маларыцкі, Пінскі і Столінскі. Больш за ўсё ў зацверджаным пераліку раёнаў Віцебскай і Гомельскай абласцей (па 18), а таксама Магілёўскай (10).

"Гэта градацыя неабходна для ацэнкі эфектыўнасці сельгасвытворчасці розных рэгіёнаў і фарміравання прынцыпаў размеркавання і аказання дзяржаўнай падтрымкі суб`ектам аграпрамысловага комплексу", - адзначылі ў Мінсельгасхарчы. Такі механізм падтрымкі дасць магчымасць забяспечыць жыццядзейнасць сельскіх тэрыторый шляхам падтрымання ўзроўню занятасці насельніцтва як у сельскагаспадарчай сферы, так і ў спадарожных галінах, а таксама захаваць агракультурныя ландшафты.

12 студзеня 2015, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:12.01.2015
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:795
 
Ключевые слова:
Сельское хозяйство Господдержка Занятость населения
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме