Запазычанасць кампаній па доларавых крэдытах у Беларусі зменшылася прыкладна на 21%, вынікае з новага статыстычнага бюлетэня Нацбанка.
Калі параўнаць даныя па выніках сакавіка 2022 года з аналагічным перыядам 2023-га, то раней запазычанасць была каля 4 млрд долараў, а зараз складае прыкладна 3,2 млрд. Паказчык па еўра знізіўся ў тры разы: з 4,1 млрд на 1 красавіка мінулага года да 1,3 млрд на аналагічную дату года цяперашняга.
Аб’ёмы ў расійскіх рублях значна выраслі. Напрыклад, у пачатку 2022 года запазычанасць была амаль 77 млрд расійскіх, а на 1 студзеня 2023-га – больш за 231,3 млрд. Прыкладна такая ж лічба склалася на 1 красавіка, што ў 1,7 разы больш за аб’ёмы годам раней.
У той жа час дынаміка выдачы новых крэдытаў у расійскай валюце замарудзілася. У студзені-сакавіку 2022 года аб’ём рэсурсаў, якія атрымалі юрыдычныя асобы, складаў 94,4 расійскіх рублёў. У студзені-сакавіку гэтага года – 70,9 млрд.
У еўра крэдытаў выдаецца значна менш. У першым квартале мінулага года было 1,8 млрд еўра. Цяпер паказчык упаў прыкладна ў 16 разоў – 114,3 млн. Па доларах таксама ёсць зніжэнне, але не такое рэзкае. У студзені-сакавіку 2022-га было каля 980 млн, а зараз – амаль 379 млн.
Самая нізкая працэнтная стаўка ў доларавых крэдытаў. На 1 красавіка – 7,44% (год таму было 8,43%). Крэдыты ў еўра кампаніям прапануюць па 7,69% (было 7,31%). Расійскія рублі зараз даюць у сярэднім пад 11,97%. У студзені-лютым мінулага года стаўка была прыкладна такая ж. Але ў сакавіку 2022-га рэзка вырасла да 26,08%, а затым зніжалася.