Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з пункту гледжання знешнепалітычных прыярытэтаў і інтарэсаў усё складваецца нядрэнна. "Мы не маем ніякіх амбіцый на міжнароднай арэне, не пазіцыянуем сябе глабальным іграком, не лезем у чужыя праблемы і справы. Дай бог, вырашыць свае, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы не хочам ствараць ніякіх праблем не толькі нашым суседзям, але і любой дзяржаве ў свеце, ды і не здольны гэтыя праблемы ствараць. Мы не ўспомнім ні аднаго выпадку, каб нехта з суседзяў нам выставіў прэтэнзіі, што мы перашкаджаем жыць".
Закранаючы эканамічную тэматыку, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо разгледжаны шэраг пытанняў. "Зразумела, застаюцца старыя праблемы - гэта экспарт. Наша эканоміка адкрытая, і пераважная большасць усяго, што вырабляецца ў краіне, прадаецца на знешніх рынках. Адсюль наша знешнеэканамічная стратэгія", - заўважыў ён.
"Учора мы дамовіліся, што павінны вызначыцца ва ўрадзе і звярнуць яшчэ большую ўвагу знешнепалітычных прадстаўніцтваў Беларусі на вырашэнне гэтых праблем. Трэба, каб кожны пасол цяпер быў азадачаны праблемамі экспарту, асабліва ў сувязі з тым, што адбываецца на расійскім рынку. Гэта наш асноўны рынак, амаль палавіну вырабляемай прадукцыі мы прадавалі туды. І вы бачыце, што там адбываецца. У Казахстане таксама сітуацыя няпростая, не так даўно яны дэвальвавалі сваю нацыянальную валюту. Зусім разбіта Украіна, гэта таксама адзін з нашых асноўных рынкаў", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "дыверсіфікацыя экспарту, пошук новых рынкаў - пытанне першараднай важнасці, пытанне выжывання краіны і з гэтага трэба зыходзіць, перш за ўсё, Міністэрству замежных спраў".
12 снежня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
12 снежня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА