"Вынікі лістападаўскага апытання сведчаць пра стагнацыю ў вытворчасці", — канстатуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.
Такая сітуацыя, тлумачаць эканамісты, абумоўленая зніжэннем попыту на прамысловую прадукцыю.
"Кан`юнктурнае апытанне кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, праведзенае ў лістападзе гэтага года, зафіксавала зніжэнне фактычных аб`ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі і далейшае скарачэнне попыту на яе, сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі не змяніўся", — гаворыцца ў справаздачы НДЭІ Мінэканомікі аб выніках праведзенага апытання.
Эканамісты адзначаюць, што скарачэнне попыту зафіксаванае як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Прычым на расійскім рынку, удакладняюць эксперты, "зафіксаванае даволі імклівае скарачэнне попыту" на беларускую прадукцыю.
Скарачэнне попыту, як паказала лістападаўскае апытанне прадпрыемстваў, прывяло да павелічэння складскіх запасаў. "Наяўны на прадпрыемствах на момант апытання ўзровень запасаў гатовай прадукцыі 39% апытаных ацанілі як "залішні", 50% палічылі яго "нармальным" і толькі 9% адказалі "ніжэй за норму", — канстатуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.
Асноўную частку заказаў па-ранейшаму складаюць кароткатэрміновыя: на тэрмін менш за адзін і ад аднаго да трох месяцаў прыпадаюць 83% заказаў прамысловых прадпрыемстваў.
"Аб`ёмы прамысловай вытворчасці ў снежні, верагодна, скароцяцца. Доля кіраўнікоў, якія прагназуюць у найбліжэйшы месяц рост вытворчасці, склала толькі 19%. Пры гэтым 51% рэспандэнтаў мяркуюць, што выпуск прадукцыі на прадпрыемствах захаваецца на ранейшым узроўні", — заўважаюць у НДЭІ Мінэканомікі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 3 снежня 2014
Мінск, 3 снежня 2014